Цімафеенка Н. Д. Урок беларускай літаратуры ў 6 класе па тэме “І. Грамовіч “Воблакі”.
Дата публикации: 14 августа 2019
Мэта: усведамленне вучнямі вобразнасці і маляўнічасці пейзажнага апісання, створанага аўтарам.
Задачы: стварыць умовы для спасціжэння прыгажосці карцін прыроды ў творы і раскрыць ролю мастацкіх сродкаў для іх апісання; садзейнічаць развіццю умення аналізаваць, супастаўляць, рабіць вывады, фармуляваць думкі; спрыяць фарміраванню камунікатыўнай кампетэнцыі; забяспечыць умовы для выхавання пачуцця адказнасці за свой выбар, за выкананне сваёй працы, культуры індывідуальнай і калектыўнай вучэбнай дзейнасці вучняў; спрыяць выхаванню эстэтычнага густу.
Тып урока: вывучэнне новага матэрыялу.
Форма: урок-лірычная замалёўка.
Абсталяванне: вучэбны дапаможнік па беларускай літаратуры для VI класа; мультымедыйная прэзентацыя ў праграме PowerPoint па тэме; лісты з заданнямі для кожнай групы; выразаныя з лістоў ватмана “аблокі”; выява чалавека; малюнак блакітнага неба; выразаныя з блакітнай паперы “аблокі” для рэфлексіі; камп’ютар з гукавымі калонкамі; інтэрактыўная дошка; відэаролік.
Ход урока:
I.Арыенціровачна-матывацыйны этап.
Настаўнік.Вітаю вас на нашым сённяшнім уроку. Паглядзіце, калі ласка, у акно і звярніце ўвагу, што мы бачым за акном, на небе, на вуліцы? ( Дзеці адказваюць).Скажыце, а ці ёсць сёння на небе воблакі? Якія яны? А ці часта мы ўглядаемся ў неба? ( Адказы вучняў). А трэба было б! (Слайд 1). Бо “калі што ёсць найпрыгажэйшае ў свеце, то, бадай, гэта воблакі”. Гэтыя словы Івана Грамовіча і стануць сёння эпіграфам да нашага ўрока.
І так лічыць не толькі ён. Паслухайце, калі ласка, вершы беларускіх паэтаў пра воблакі. ( Падрыхтаваныя вучні з першай групы чытаюць на памяць вершы П. Броўкі, А. Куляшова і А. Балуценкі).
Пятрусь Броўка. “Воблака”
З-за лесу выплыла яно, —
Як белы пух,
Як ваты ком,
Пасля, як быццам палатно,
Затрапыхала над сялом.
Зары праменнае крыло
Яму перапыніла шлях.
Яно ж зайграла,
Расцвіло
I разгарнулася, як сцяг.
I неба ў чырвані, ў агнях
Загатавалася, як вар…
I нібы
Кропелька адна
Мне стуль скацілася на твар.
Душу маю ахутаў жар,
I думкі роем паплылі —
Што гэта кроў
Ці то сляза
Барацьбітоў, з якой зямлі?
А сцяг, што рос і далей плыў,
Не мог я зрокам абхапіць…
I думаў я,
Ці ўсё зрабіў,
Што мне належала зрабіць?
Аркадзь Куляшоў. “Воблака”
Уткнуўшы ў бераг вудзільно,
Я вуджу раніцою.
А воблака? Плыве яно
І небам і вадою.
Нарэшце клюнула разок —
І рыбка немалая! —
З пяром гусіным паплавок
Пад воблака нырае.
Стаіў дыханне. Цішыня…
Убок рукой умелай
Я падсякаю галаўня,
Цягну з хмарынкі белай.
Вада ў кругах,
Вада ў кругах,
І неба ў ёй не тое…
А воблака? Яно ў руках
Трапечацца жывое
Анатоль Балуценка.“Цуд аблокаў”
Аблокамi люблю я любавацца,
Ужо верш аб прыгажосцi iх складаў,
Ды позiркам ад iх не адарвацца.
Якiя для Зямлi Бог цуды даў!
Аблокi зямлю шчыльна закрываюць,
Каб сонца яе надта не пякло,
Палi дажджом жаданым абмываюць,
Каб зерне паўнаважкае расло.
Аблокаў цуд прыемна бачыць воку,
Яны скульптуры ў змозе ўраз ствараць,
I хоць бягуць далёка i высока,
Ды здольны радасць i натхненне даць.
Аблокамi прыемна любавацца,
Цудоўна велiч неба назiраць,
Я ў слабасцi сваёй магу прызнацца:
Гляджу ў нябёсы, каб настрой узняць.
Настаўнік. Вось чаму трэба глядзець у неба. Пэўна, вы ўжо здагадаліся, пра што пойдзе гаворка на нашым сённяшнім уроку. Мы будзем з вамі аналізаваць твор Івана Грамовіча “Воблакі”. ( Вучні запісваюць у сшыткі па літаратуры тэму ўрока). Мэтай урока будзе ўсведамленне вамі вобразнасці і маляўнічасці пейзажнага апісання, створанага аўтарам. Таксама ў працэсе работы над апавяданнем мы паспрабуем адказаць на ключавое пытанне : Чым жа былі для аўтара воблакі? ( Слайд 2.)
Каб дасягнуць пастаўленай мэты, вы падзелены на групы. Працуючы ў групах, вы будзеце дапамагаць адзін аднаму і выконваць складаныя заданні разам. І дэвізам нашага ўрока я прапаную вам словы Пімена Панчанкі:
Той дзень прапаў і страчаны навекі,
Калі ты не зрабіў таго, што мог,
Калі не паспрыяў ты чалавеку,
Няшчыры быў, зманіў, не дапамог.
ІІ.Аперацыйна-дзейнасны этап.
Настаўнік.І групы ўжо ўключыліся ў працу, атрымаўшы апераджальнае дамашняе заданне. Першай групе было заданне: знайсці вершы пра аблокі і выбраць прадстаўнікоў, якія прачытаюць іх выразна на памяць. Група з заданнем справілася. Другая група рыхтавала сціслыя біяграфічныя звесткі пра аўтара твора. Зараз мы іх паслухаем. (Слайд 3)
( Прадстаўнік другой групы расказвае пра Івана Грамовіча.) Іван Грамовіч нарадзіўся 26.07.1918 г. у вёсцы Закружка Мінскага раёна Мінскай вобласці ў сялянскай сям’і. Вучыўся і закончыў літаратурна-лінгвістычны факультэт Мінскага педагагічнага ўніверсітэта ў 1939 годзе. У час Вялікай Айчыннай вайны ваяваў. Друкаваў нарысы ў франтавых газетах. Пасля вайны працаваў ў часопісах “Беларусь”, “Маладосць”, “Вожык”, на кінастудыі “Беларусьфільм”.
Аўтар шматлікіх апавяданняў, сцэнарыяў дакументальных і мастацкіх фільмаў, перакладчык. Памёр 02.07.1986 г.
Настаўнік. Ну і трэцяя група рыхтавала тлумачэнне незразумелых слоў з апавядання, якое вы прачыталі дома. (Прадстаўнік трэцяй групы, карыстаючыся мультымедыйнай прэзентацыяй, тлумачыць значэнне незразумелых слоў). (Слайд 4)
Настаўнік.Для таго, каб праверыць, як вы запомнілі змест прачытанага твора, я прапаную вам наступнае заданне. Зараз вашай увазе будуць прапанаваны некалькі слайдаў. Вы ўважліва паглядзіце на іх і скажыце, ці адпавядаюць тыя малюнкі прыроды, што адлюстраваны на слайдах, напісанаму ў творы. Калі так, то зачытайце гэтыя апісанні. (Слайды 5-9)
(“…Дзесьці стаяць людныя гарады…”)
(“…А ўвосень надта падабалася, як высока-высока плавалі буслы. Павольна, не махнуўшы крылом, яны плавалі, збіраючыся ў вырай. Плавалі па крузе, узнімаючыся вышэй і вышэй… Вышэй воблакаў! Тады хацелася лятаць самому…”)
(“…У навальніцу ўсё трапяталася ў грудзях. Я бачыў, як хмары ляцелі ў розным кірунку. Яны страчаліся. Усё бушавала. Усё ў паветры кіпела. Усе воблачкі, усе хмары і похмаркі з-пад сонечнай вышыні. Навальнічныя перуны таўклі іх, як месіва, і секлі агністымі маланкамі. Гром адгукаўся ў сэрцы. Страшнавата было…”)
(“… Калі я ўпершыню ляцеў на самалёце, пры пасадцы вельмі прасіў лётчыка праляцець скрозь воблакі. Або над самымі воблакамі, блізка-блізка…”)
( Такога апісання няма ў тэксце)
( Вучні праглядаюць слайды прэзентацыі, знаходзяць у тэксце і зачытваюць урыўкі, якія адпавядаюць зместу слайдаў).
Настаўнік.Малайцы, вы справіліся з гэтым заданнем. А цяпер, калі ласка, адкажыце на наступныя пытанні.
— Якое ўражанне аказаў на вас твор? (Твор спадабаўся, прымусіў па-іншаму зірнуць на звычайную прыродную з’яву.)
— Калі аўтар любіць назіраць за воблакамі? ( У любую пару года, у любы час, але асабліва любіць назіраць за воблакамі ў бязветраны дзень.)
— Ці ўсе воблакі аднолькавыя? ( Усе воблакі розныя.)
— На што падобны воблакі ў апавяданні? Зачытайце.
— Якога воблакі памеру і колеру? ( Воблакі бываюць высокія і нізкія, у два паверхі і нават у тры. Ёсць рэдкія і суцэльныя. Ёсць воблачкі. Ёсць хмаркі. Ёсць похмаркі.)
— Чаго аўтар яшчэ не бачыў, а воблакі ўжо малявалі ў яго ўяўленні гэтыя вобразы? ( Горы, заапарк, вайну.)
— Ці толькі прыемныя вобразы малявалі аўтару воблакі? ( Не толькі прыемныя вобразы малявалі воблакі. Наш герой бачыў у іх бойкі нашых з ворагам, чырвоную конніцу, тачанку з кулямётам, шэра-цёмную гадзюку, агонь, выбухі бомб і снарадаў.)
— Успомніце першы палёт аўтара на самалёце. Аб чым ён папрасіў лётчыка? Што ён адчуў, калі лётчык выканаў яго просьбу? (Калі аўтар ўпершыню ляцеў на самалёце, пры пасадцы вельмі прасіў лётчыка праляцець скрозь воблакі або над самымі воблакамі, блізка-блізка. Лётчык выканаў яго просьбу. Наш герой атрымаў задавальненне, бо пад ім плылі мары яго маленства.)
Настаўнік.Ну а зараз працягнем працаваць у групах. Кожная група атрымае сваё заданне, надрукаванае на лісце. (Слайд 10).
1 група. Знайдзіце, як апісвае аўтар аблокі ў розныя поры года.
2 група. Ці можна пагадзіцца з аўтарам, што воблакі растаюць, разрастаюцца, імчацца, прыносяць нешта?
3 група. Растлумачце, як гэта могуць воблакі “апрануць неба” ( у што?), “накінуць на неба шлейф, шалік ( навошта?), “павесіць залацістыя фіранкі” ( дзе іх узяць?), “зацягнуць коўдрай” (для чаго?).
(Вучні, працуючы ў групах, пішуць адказы на лістах з заданнямі. Пасля адзін вучань ад кожнай групы дае адказ на пытанне. Вучні другіх груп могуць па жаданні дапоўніць адказы. Настаўнік карэкціруе адказы.)
Фізкультхвілінка. Усе дружна ўстаньце і пацягніцеся. Цягніцеся як мага вышэй да столі, а, калі зможаце, то да самых аблокаў. Абхапіце рукамі неба і павітайцеся з сонейкам. Пакланіцеся нізка зямлі і сядайце за парты. Будзем працаваць далей. (Вучні імітуюць рухі і дзеянні). (Слайд 11).
Настаўнік. Скажыце, калі ласка, што выкарыстоўвае аўтар, каб зрабіць апавяданне больш вобразным, маляўнічым? ( Мастацкія сродкі, тропы). Назавіце, калі ласка, што такое эпітэты, метафары, параўнанні? ( Вучні даюць азначэнні гэтых паняццяў).
У вас на партах ляжаць выразаныя з лістоў ватмана белыя “воблакі”. 1 група знаходзіць у тэксце і выпісвае на “воблака” эпітэты, 2 група – метафары, 3 група – параўнанні.
(Вучні кожнай групы знаходзяць у тэксце адпаведныя тропы, запісваюць іх на “воблакі”. Пасля выкананай работы прадстаўнік ад кожнай групы размяшчае на дошцы сваё “воблака”, агучвае выпісаныя мастацкія сродкі. Вучні з іншых груп дапаўняюць адказы аднакласнікаў. Настаўнік карэкціруе адказы).
Настаўнік. Дзеці, як вы лічыце, якім чалавекам быў аўтар-апавядальнік, раз так прыгожа апісаў з’яву, з якой мы сустракаемся кожны дзень і іншы раз нават не звяртаем увагі? ( Вучні адказваюць).У кожнай групы на парце ляжаць лісты, з надрукаванымі на іх рысамі характару. Выберыце тыя, якімі, на вашу думку, валодаў чалавек, які напісаў такое цудоўнае апавяданне. Змясціце вакол выявы чалавека на дошцы.
( У вучняў 1 групы на лістах надрукаваны наступныя рысы характару чалавека: “фантазёр”, “умее адчуваць радасць ад прыгожага”, “злосны”,“нервовы”, “летуценнік”; у вучняў 2 групы – “ умее здзіўляцца”, “любіць марыць”, “умее захапляцца”, “няўважлівы”, “абыякавы”; у вучняў 3 групы – “назіральны”, “умее радавацца жыццю”, “умее бачыць незвычайнае ў звычайным”, “жорсткі”. “грубы”. Вучні кожнай групы выбіраюць лісты з патрэбнымі рысамі характару чалавека і размяшчаюць на дошцы. У выніку атрымліваецца наступнае).
ІІІ.Кантрольна-карэкцыйны этап.
Настаўнік. Мы з вамі прыйшлі да высновы, што толькі чалавек з чулай душой, які ўмее захапляцца прыгажосцю прыроды і ўмее бачыць незвычайнае ў звычайным змог стварыць такі лірычны твор. Як вы разумееце сэнс наступных радкоў: “Бо воблакі, як само жыццё. Жыццё цячэ — хмаркі бягуць. То бываюць цёмнымі, то яснымі. Тоспакойнымі, то неспакойнымі… Не налюбуешся наіх, як на само жыццё”? ( Жыццё бяжыць, як воблакі і хмаркі. У жыцці бываюць сумныя і радасныя, спакойныя і неспакойныя дні, як цёмныя і ясныя воблакі. Любавацца на воблакі можна бясконца. Так і жыццё, мы думаем, наша бясконцае, вечна бяжыць. І трэба з радасцю пражываць кожны дзень.)
А зараз мы з вамі адкажам на ключавое пытанне: Чым жа былі для аўтара воблакі? ( Вучні адказваюць, настаўнік карэкціруе іх адказы).
Настаўнік. А чым з’яўляюцца воблакі для кожнага з вас мы даведаемся з вашых міні-сачыненняў “Гляджу на воблакі”, якія вы напішаце пасля прагляду невялікага відэароліка. (Слайд 12) .
(Вучні праглядаюць відэаролік. [Спасылка: Футаж облака. Плывущие облака по небу. Footage clouds. Floating clouds in the sky [Электронны рэсурс]. – Рэжым доступу: https://www.youtube.com/watch?v=WHZs6DngdMA. – Дата доступу: 09.08.2018]
Затым запісваюць у сшыткі па літаратуры міні-сачыненні. Кожны працуе індывідуальна. Пасля завяршэння работы некалькі чалавек чытаюць свае сачыненні).
IV.Рэфлексійны этап.
1) Настаўнік ажыццяўляе адваротную сувязь, выкарыстоўваючы прыём “Закончы сказ”.
— На сённяшнім уроку я даведаўся….
— Лёгкім і цікавым для мяне было…
— Цяжкім на ўроку для мяне было…
— Сваю работу на ўроку я ацэньваю…
2) Вучні складаюць сінквейн да слова “воблака”. (Слайд 13)
( Некалькі чалавек чытаюць свае сінквейны).
V.Выстаўленне і каменціраванне адзнак.
VI.Этап вызначэння і фармулёўкі д/з. Ст. 125, пытанне 5 (вусна). (Слайд 14).
Настаўнік. Вялікі дзякуй вам за сённяшні ўрок. Вы добра і плённа папрацавалі. Але ў нас засталася незавершанай адна справа. На дошцы змешчаны малюнак блакітнага неба. А ў вас на партах – блакітныя “воблачкі” з вясёлымі, сумнымі і абыякавымі “тварыкамі”. Выберыце, калі ласка, тое “воблачка”, якое адпавядала вашаму эмацыянальнаму настрою на сённяшнім уроку і ўпрыгожце ім малюнак блакітнага неба.( Вучні па чарзе падыходзяць да дошкі і размяшчаюць на малюнку свае “воблачкі”). Урок закончаны. Жадаю вам далейшых поспехаў.