• пн-пт 8:00–20:00
  • сб 8:00–19:00

Лепяшко Т. Р. КВЗ “Залацінкі мудрасці”.

Дата публикации: 14 августа 2019

 

     МЭТА: праверыць, абагульніць і замацаваць веды вучняў аб вуснай народнай творчасці, развіваць кемлівасць і дапытлівасць, спрыяць развіццю фантазіі, асацыятыўнага мыслення, творчых здольнасцей, абуджаць пачуццё гонару за сваё мінулае, выхоўваць любоў да роднай зямлі.

   Эпіграф

   “Беларуская народная творчасць—гэта мора, якое хавае ў сабе незлічоныя скарбы. Толькі трэба ўмець гэтыя скарбы дастаць.”

М.Гарэцкі

Настаўнік

Скарбам нашага роднага краю з’яўляецца вусная народная творчасць.

Народная творчасць—няпісаная і нікім да канца не прачытаная мудрая кніга. Яе старонкі перад намі раскрывалі мілагучнымі калыханкамі нашы бабулі і матулі. Пасля нас цікавілі дзівосныя і цікавыя казкі. Мудрасцю і паэтычным хараством уражвалі народныя прыказкі. З легендаў паўстае перад намі гісторыя нашага народа, нашай Беларусі.

Вусную народную творчасць яшчэ называюць фальклорам, што ў перакладзе з англійскай мовы азначае “народная мудрасць”. І сапраўды, фальклорныя творы ўвабралі ў сябе веды і вопыт многіх пакаленняў беларусаў, іх мары і спадзяванні. Таму вусную народную творчасць мы можам лічыць паэтычнай гісторыяй народа.

Сёння вы пакажаце свае веды па самаму цікаваму і любімаму раздзелу літаратуры“Вусная народная творчасць”.

Прадстаўляецца журы

І конкурс—Прадстаўленне каманд

Каманда “Зюзікі”

Зюзікі малыя мы,

Любім зімы, маразы.

А наш розум—колкі,

Востры, як іголкі.

Не баімся анічога,

Пераможам мы любога.

Уцякайце—хоць на возе.

Усё роўна замарозім.

Наш дэвіз: Змагацца і шукаць, знайсці і не здавацца.

Каманда “Папялушкі”

Мы—дзяўчынкі-папялушкі,

Вельмі любім працаваць,

А ў вольную хвіліну

Можам нават паскакаць.

Папялушкі ўсе мы—

Смехатушкі і мудрушкі,

І вас рассмяшыць і забавіць,

Бясспрэчна, зможам мы.

Наш дэвіз: Мы, гарэзы, з жартамі сябруем.

І таму ніколі не сумуем.

ІІ конкурс—Загадкі

Чаму прысвечаны нашы наступныя конкурсы, здагадайцеся самі. Яны ўзніклі ў глыбокай старажытнасці. Чалавек іх складаў найперш пра тое, з чым сутыкаўся ў паўсядзённым жыцці. Палюючы або ловячы рыбу, збіраючы ягады, зёлкі, людзі прыглядаліся да прыроды. Потым параўноўвалі таямнічае, нязведанае з тым, што назіралі кожны дзень. А яшчэ яны развіваюць нашу кемлівасць і назіральнасць, вучаць параўноўваць, пашыраюць кругагляд. Што гэта? (Загадкі)

А цяпер паглядзім, як вы ўмееце іх адгадваць

  1. Чым больш з яе бярэш, тым больш яна становіцца. (Яма)
  2. У бацькоў і іхніх дзетак уся адзежына з манетак. (Рыбы)
  3. Рукі-ногі ў вадзе, на спіне—дарога. (Мост)
  4. З зямлі дасталі і ў зямлю закапалі. (Бульба)
  5. Па зямлі ходзіць, неба не бачыць, нічога не баліць, а ўсё стогне. (Свіння)
  6. Стаяць слупы бялёныя, на іх шапкі зялёныя. (Бярозы)
  7. Жалезны кулак, драўляная ручка—не любіць цвіка. (Малаток)
  8. Навешыныя на дрот вісяць вуха і рот. (Тэлефон)
  9. Сям’я вяліка, багата, а ўсяго два локці хата. (Вулей)
  10. Адзін лье, другі п’е, а трэці расце. (Дождж, зямля, трава)
  11. Вышэй за ўсіх стаіць,навокал глядзіць, люльку курыць. (Комін)
  12. Хоць у капелюшы, але галавы не мае. (Грыб)
  13. Не куст, а з лісточкамі, не галава, а розум мае.   (Кніга)
  14. Хоць побач ідзе, а рукамі не возьмеш. (Цень)
  15. Нашу іх многа год, а ліку не маю. (Валасы)
  16. Аўца стаіць, воўна дрыжыць. (Асіна)
  17. Кабыла бела ўсе дровы паела. (Печ)
  18. Хата рагата, вакон багата, як улезеш—не вылезеш.
  19. Пад шклом сядзіць, у адзін бок глядзіць. (Компас)
  20. Сярод лесу жар гарыць.   (Рабіна)
  21. Сам вада і па вадзе плавае. (Лёд)
  22. Тоўсты тонкага паб’е, толькі што-небудзь прыб’е. (Малаток і цвік)
  23. З зямлі і дзіця падніме, а праз хату і сілач не перакіне. (Пяро)
  24. У ваду садзіцца, а мокрае не бывае. (Сонца)
  25. Ёсць на свеце адно і для ўсіх яно нужно. (Імя)
  26. Упіраючыся на берагах, ляжыць дуга на баках. (Вясёлка)
  27. Вышэй аблакоў чырвоная птушка лятае. (Сонца)

Конкурс “Адгадкі ў малюнках”

1. Што без вады плыве?   (Воблака)

2.Вясной адзяваюцца, а к зіме раздзяваюцца. (Дрэвы)

3.Ляцяць без крыл, без ног, на дрэвы садзяцца. (Сняжынкі)

4.Дзень і ноч сакоча, а есці не просіць. (Гадзіннік)

5. Было жоўтым, вырасла зялёным, сонца пацалавала—зноў стала жоўтым. (Зерне, колас)

  1. Мыш у нары, а хвост на двары. (Цыбуля)
  2. Румяны Піліп да палкі прыліп. (Яблык)

Конкурс капітанаў

1.Твар пахучы, хвост калючы. (Ружа)

2.Рыбка бялява хвосцікам віляла, лясы ламала, горы стаўляла. (Каса)

  1. Усіх нас корміць, а есці не просіць. (Зямля)
  2. Ніхто яе не палохае, а яна дрыжыць. (Асіна)
  3. Новая пасудзіна, а ўся на дзірках. (Рэшата)
  4. Не разаб’еш гаршчочка—не з’ясі і кашы. (Арэх)
  5. Хата рагата, вокан багата, як улезеш—не вылезеш.   (Рыбацкая сетка)
  6. Што любіш—таго не купіш, а чаго не любіш—не прадасі. (Маладосць і старасць)
  7. Не брэша, не кусае, а ў хату не пускае. (Замок)

ІІІ конкурс—Прыказкі

Цудоўным скарбам з’яўляецца гэты жанр. Ён надае мове выразнасць, дасціпнасць, паэтычнасць. Сваёй мудрасцю, заснаванай на багатым вопыце, выхоўвае нас і вучыць. Што гэта?

Конкурс-эстафета. Па чарзе прадстаўнікі каманд называюць прыказкі. Умова: прыказкі не павінны паўтарацца. Перамагае каманда, якая ведае іх больш.

Конкурс “Дапоўні прыказкі і прымаўкі”
  1. Калі топішся , (то і за саломку схопішся)
  2. Хлуснёй багатым (не будзеш)
  3. Мякка сцеле, (ды цвёрда спаць)
  4. Слова, як птушка:   (вылеціць—не зловіш)
  5. Чужым розумам   (не пражывеш)
  6. На чужым гарбу (у рай не заедзеш)
  7. Ладзь калёсы зімой , (а летам сані)
  8. Як гукнеш, (так і адзавецца)
  9. Яблык ад яблыні (далёка не падае)
  10. Хто пытае (той не блудзіць)
  11. Чужым багаццем (сыты не будзеш)

Конкурс “Падбяры пару”

Вучням у канверце раздаюцца прыказкі на беларускай і рускай мовах. Задача каманд—падабраць міжмоўныя пары прыказак(стрэлкамі)

Беларуская прыказка    Руская прыказка
Калі ўлез у дугу, не кажы, што не магу Не имей сто рублей, а имей сто друзей
У ціхім балоце чэрці водзяцца Взялся за гуж—не говори, что не дюж
Цікаўнай Амілі нос прышчамілі На чужой каравай рот не разевай
Не будзь ласы на чужыя каўбасы Сделал дело—гуляй смело
Чалавек без сяброў, што печ без дроў Любопытной Варваре нос оторвали
Скончыў работу—гуляй у ахвоту В тихом омуте черти водятся
Дзе шчырая праца—там густа, а дзе лянота—там пуста Труд кормит, а лень портит

ІV конкурс—Казкі

Па ўрыўках пазнайце, з якой казкі гэтыя радкі.

  1. “Калыхала дзень, калыхала другі, на трэці дзень бачыць: замест алешынкі ляжыць у калысцы хлопчык…”

(“Піліпка-сынок”)

  1. “Прыходзіць дзед, глядзіць—журавель зноў у просе топчацца. Узлаваўся дзед, злажыўся і хацеў ужо бабахнуць па злодзею…”

(“З рога ўсяго многа”)

  1. “У мяне галава большая, дык і розуму ў ёй больш”,- хваліўся гусак.

Індык з гэтым не згаджаўся.”

(“Пшанічны каласок”)

4.” Узяў пан хлопчыка, пасадзіў у кішэню і паехаў. “Вось,-думае,- добрага         аратага нажыў. Гэткага ні ў кога няма”

(“Сынок з кулачок”)

5.“Жыў адзін хлопец Андрэй. Хацеў ён усё ведаць. Куды ні гляне, што ні ўбачыць—аб усім у людзей распытваецца, да ўсяго дапытваецца…”

(“Андрэй за ўсіх мудрэй”)

6. “Жыў адзін бедны мужык. Зіму сяк-так перакідаўся, а прыйшла вясна—хоць зубы на патыліцу лажы. Адна гуска засталася, ды і тая худая…”

(“Як мужык гусей дзяліў”)

7. “Пайшлі ўшасцёх. Ішлі,ішлі і прыйшлі да двара бабы Карготы.Бачаць—на ўсіх частаколінах галовы вісяць, толькі на адной няма…”

(“Удовін сын”)

8. “Былі ў аднаго чалавека тры сыны: два разумныя, а трэці—дурны. Старэйшы сын, Сцяпан, умеў на скрыпцы іграць, сярэдні, Піліп, —на дудцы, а меншы, Іван, ні да чаго спрыту не меў: сядзеў у запечку ды лучынкі стругаў…”

(“Залаты птах”)

V конкурс—Легенды і паданні

Як у чароўным люстэрку адбілася ў іх сівая даўніна. Старажытныя ўяўленні пра паходжанне свету, зямлі, пра гістарычныя падзеі, пра паходжанне назваў вёсак і гарадоў, рэк ,азёр апавядаюць яны нам . Што гэта?

Раскажам некаторыя з іх. Пры пераказе ўлічваецца выразнасць, дакладнасць зместу, адсутнасць рускіх слоў.

V І конкурс—Літаратуразнаўчы

Неабходна растлумачыць значэнне прапанаваных слоў:

—вобразнае апісанне ўтоенага прадмета ці з’явы, якое патрабуе адгадкі (загадка)

—фальклорнае фантастычнае апавяданне, змест якога можа быць звязаны з гістарычнымі падзеямі, славутымі імёнамі, абавязкова наяўнасць фантастыкі (легенда)

—трапнае народнае выслоўе з павучальным зместам, складаецца з дзвюх частак—паведамлення і вываду, мае закончаную думку (прыказка)

VІІ конкурс—дамашняе заданне (інсцэніроўка казкі)

Падвядзенне вынікаў

Заключнае слова настаўніка

Вам, маладым будаўнікам і творцам,

Каб меншыя цярпець няўдачы-страты,

У наш вучоны век я раю моцна:

Чытайце казкі, хлопцы і дзяўчаты.

Навукі мудрай – край там нечапаны!

Таму й кажу вам: у жыцця на старце—

Чытайце казкі, хлопцы і дзяўчаты!

Старыя казачкі часцей чытайце!

Ніл Гілевіч