Сцельмах М.У. Гадзіна паэзіі “І кружыцца планета Куляшова…” (прысвечаная 105-годдзю са дня нараджэння паэта)
Дата публикации: 14 августа 2019
Завея лісцяў у сняжынак пух
Перацвітае пад маім наглядам, –
Як быццам я камандую парадам,
Спатканнем дзвюх варожых завірух,
Змаганнем снегападу з лістападам.
Як быццам я ўладар дарог і рэк,
Рэгуліроўшчык каруселі гэтай,
Як быццам не праносіў над планетай
Мяне лістком, сняжынкаю, ракетай
Праз атмасферны ціск суровы век.
Быў пылам я ў імклівым карагодзе
Гадоў, трухой і зернем на таку,
Хацеў бы век, які ўжо на зыходзе,
Забраць мяне з сабой, а я руку
Гарачую працягваю прыродзе –
З дваццатага ў трыццатае стагоддзе.
Гэтыя радкі належаць нашаму знакамітаму земляку, ураджэнцу Магілёўшчыны, выдатнаму беларускаму паэту Аркадзю Куляшову, 105-годдзе са дня нараджэння якога святкуецца ў гэтым годзе. Яркі прадстаўнік савецкай эпохі беларускай літаратуры А.Куляшоў быў адным з самых таленавітых і шырока вядомых беларускіх паэтаў 20-га стагоддзя. Выдатны майстар слова ў сваёй творчасці выявіў лёс цэлага пакалення, да якога належыў і сам.
6 лютага 1914 года ў сям’і вясковых настаўнікаў Аляксандра Мікалаевіча і Кацярыны Фамінічны Куляшовых у мястэчку Саматэвічы Касцюковіцкага раёна Магілёўскай вобласці нарадзіўся сын Аркадзь.
Я хаце абавязаны прапіскаю –
Калыскаю, падвешанай пад столь.
Я маці абавязан кожнай рыскаю,
Драўлянай лыжкаю, глінянай міскаю –
Усім, чым працы абавязан стол.
Я – матчын спеў, я – матчыны трывогі,
Я – матчын гнеў, які ўставаў на ногі,
Гнаў смерць на Захад – у нару з нары –
Трацілаваю пугай перамогі.
Дыміліся сямі франтоў дарогі
За мной, як дынамітныя шнуры.
Пазбавіўшы ад грознага відовішча
Свет, не дазволю я, каб дым і пыл
Зямлю ператварыў у бамбасховішча,
Мільярд прапісак – у маўклівы прысак,
Мільярд калысак – у мільярд магіл.
Менавіта там, на малой Радзіме, вытокі паэзіі А.Куляшова. Пачуццё сувязі з месцамі маленства і юнацтва было для паэта моцным і трывалым. Пра гэта красамоўна сведчыць лірыка Куляшова. Паэт уславіў свой родны край, сваю родную Бесядзь, якая дзякуючы яму, стала вядомай ракой. Краю свайго маленства паэт прысвяціў вялікую колькасць твораў.
(Песня “Магілёўская хмарка” ў выкананні Мікалая Яцкова, па аднайменнаму вершу А.Куляшова)
Паводле слоў самога паэта, ён памятаў свае вершаваныя спробы на рускай мове з чатырохгадовага ўзросту. Як толькі навучыўся пісаць – “не пераставаў чыркаць”. Быў час, калі ў А.куляшова назбіралася два вучнёўскія сшыткі вершаў, якія ён аб’яднаў пад назвай “Собрание сочинений Кулешова-Несчастного”.
У першы клас Саматэвіцкай сямігадовай школы пайшоў, калі яму не было і шасці гадоў. У 1926 годзе ў Клімавіцкай акруговай газеце “Наш працаўнік” пад псеўданімам Аркадзь Дуда апублікаваны яго першы верш “Ты мой брат”. Гэта літаратурны дэбют Куляшова.
Пасля разводу бацькоў з 1924 году жыве самастойна ў сваёй хаце і працягвае вучобу ў школе. На кватэру да сябе пускае аднакласнікаў і вучняў далёкіх ад школы вёсак. Хата ператварылася ў інтэрнат, пад яе дахам зажылі дружнай камунай восем хлопцаў і адна дзяўчына пад наглядам цёткі Тадораўны, якая таксама знайшла тут свой прытулак.
Менавіта ў гэтым узросце з’яўляецца ў сэрцы паэта першае пачуццё. Саша, Алеся – сапраўднае прозвішча –Аляксандра Карыткіна. Гэта яна запаліла ў душы юнага паэта першыя нясмелыя іскрынкі кахання, а развітанне з ёю прывяло да стварэння верша “Бывай…”. Верш быў надрукаваны ў часопісе “Полымя” №5 у маі 1928 года. Сёння шэдэўр беларускай лірыкі, пакладзены на музыку І. Лучанком, выконваюць “Песняры”. Беларуская песня “Алеся” перакладзена на рускую (А. Дзербянёвым) і ўкраінскую (А. Орачам) мовы.
Пасля заканчэння Саматэвіцкай сямігодкі паступае ў Мсціслаўскі педагагічны тэхнікум (1928-1930). Незадоўга да дзяржаўных экзаменаў пакідае вучобу і пераязджае ў Мінск. Разам з сябрамі, таленавітымі пачынаючымі паэтамі Юліем Таўбіным і Змітраком Астапенкам адпраўляецца ў падарожжа на Каўказ і ў Крым.
З 1931 года разам з сябрамі вучыцца на літаратурным факультэце Мінскага педагагічнага інстытута. Гэта дружба ўсё жыццё была адной з найбольшых каштоўнасцей паэта. Пазней, у 1960-х гг. Куляшоў піша цыкл “Маналог” – рэквіем па сябрах-паэтах, ахвярах рэпрэсій трыдцатых гадоў.
Юлій Таўбін быў растраляны ў 1937 г.,
Змітрок Астапенка арыштаваны ў 1933 г.
Сябры мае! Пад пустак дыванамі
Ці не абрыдла безназоўнасць вам?
Дзе дзверы, што замкнуліся за вамі?
Як вас знайсці? Якіх пытацца брам?
Маўчыць нябыт каменных пліт паважных,
Дзе з надпісаў дажджы змываюць пыл,
Там я блукаў, але імёнаў вашых
Не адшукаў на вокладках магіл.
Няма куды сваю жалобу ўскласці
Ні жонкам, ні знаёмым, ні бацькам.
Сябры мае, хіба аб гэтым шчасці
У маладосці марылася нам?
Вяло нас музы строгай блаславенне
На шлях цяжкі, ды што казаць аб тым…
Я – ваша памяць, вы – маё сумленне,
Я – дрэўка, вы – трывалы сцяг на ім.
А.Куляшоў уваходзіў у паэзію імкліва. У 20-гадовым узросце ён меў ужо 3 зборнікі. У 1930 годзе выходзіць першы зборнік вершаў “Росквіт зямлі”. 1932 год – кніга “Медзі дождж: Эпас”, зборнік “Па песню, па сонца!…”
Ёсць у паэта свой аблог цалінны,
Некрануты прастор для баразён,
Дзе ён працуе з першае хвіліны
І да апошніх вечаровых дзён;
Ёсць думак прагавітае насенне,
У жменю назбіранае з дарог,
Што спелага чакае ўвасаблення,
Заліўшы хваляй жытняю аблог;
Ёсць сэрца маладое, без якога –
Без палкага, жывога пачуцця –
Няма ў яго нічога: ні аблога,
Ні плённых дум, ні самаго жыцця;
І ёсць адказнасць перад строгім вершам,
Перад яго пачаткам і канцом –
Каб баразну, радком пачаўшы першым,
У сноп звязаць шаснаццатым радком.
У 1934 годзе А.Куляшоў ажаніўся з Аксанай Фёдараўнай Вечар, студэнткай Мінскага інстытута народнай гаспадаркі. 27 студзеня 1936 года ў сям’і нарадзілася дачка Валянціна, 18 студзеня 1938 года – сын Уладзімір, 14 жніўня 1946 года – сын Аляксандр.
З 1934 г. працаваў у газеце “Чырвоная змена”, літаратурным рэдактарам Беларускага радыё, літаратурным кансультантам кабінета маладога аўтара пры Саюзе пісьменнікаў БССР.
8 мая прыняты ў члены Саюза Савецкіх пісьменнікаў БССР.
1 снежня прыняты ў члены Саюза Савецкіх пісьменнікаў СССР.
У 1935 годзе знаёміцца з Аляксандрам Твардоўскім, творчасць якога аказала вялікі ўплыў на паэзію Куляшова. Пазней Твардоўскаму ён прысвяціў сваю паэму “Варшаўскі шлях”.
1941 г. Першыя дні вайны засталі Куляшова ў Мінску. Ён добраахвотна ўступае ў рады Савецкай Арміі. Прайшоўшы курс падрыхтоўкі ў ваенна-палітычным вучылішчы пад Ноўгарадам, атрымоўвае прызначэнне ў якасці карэспандэнта ў армейскую газету “Знамя Советов”.
Значнай вехай на творчым шляху Куляшова сталі вершы , напісаныя ў часы ВАВ. Яны належаць да лепшых старонак беларускай паэзіі. “Ліст з палону”, “Над брацкай магілай”, “Камсамольскі білет”, “Балада аб чатырох заложніках” – узор патрыятычнай лірыкі. Назаўжды ў народнай памяці застануцца героі яго балад.
Балада аб чатырох заложніках
Іх вядуць па жытняй сцяжынцы.
Чатырох.
Пад канвоем.
З дому.
Чатырнаццаць — старэйшай дзяўчынцы,
Тры гады хлапчуку малому.
Разам з імі ў падвал халодны
Гоняць цётку — сястру Міная,
А Мінай — гэта бацька іх родны,
Бацька родны,
Мсціўца народны.
Піша вораг аб ім у газетах,
Аб чырвонай
Брыгадзе ягонай,
Па усіх
Былых сельсаветах
Клеюць новы
Загад суровы.
Са слупоў, са сцен, аканіцаў
Пагражаюць Мінаю загадам:
Ён павінен скарыцца,
З’явіцца,
Здацца ў рукі фашысцкім уладам.
I вісіць той загад друкаваны
На Мінаевай хаце і клеці;
А не з’явіцца — расстраляны
Будуць заўтра заложнікі —
Дзеці…
У чаканні смяротнага часу
У падвале дзеці Міная.
З імі цётка іх родная разам,
Ёй таксама расстрэл пагражае.
— А чаму нас вартуюць салдаты? —
Знаць маленькаму хлопчыку трэба. —
А чаму не пускаюць з-за кратаў,
За якімі і сонца, і неба?
А ці скора нас вызваліць татка?
— Скора, — цётка гаворыць малому,
Татка прыйдзе і ўсім нам, дзіцятка,
Волю дасць, і мы пойдзем дадому…
— А чаму не прыходзіць ён?
Сыну
Цяжка ўсё растлумачыць адразу.
— Спі, засні, — суцяшае жанчына
У чаканні смяротнага часу.
Цётка дзецям, уклаўшы малога,
Кажа праўду пра лёс іх суровы.
Не павінен ведаць нічога
Толькі меншы —
сын трохгадовы.
— Вы нічога яму не кажыце, —
Навучае
Дзяцей Міная.
Сын у сне гаворыць аб жыце,
Па якому
Пойдзе дадому.
У астрожнай
Трывожнай
Цішы
Сняцца краты меншаму сыну:
— Тут і мокрыя сцены,
I мышы…
Татка, татка… забыў нас… пакінуў.
— Спі, засні, — суцяшае кабета, —
Спі, сынок, не твая гэта справа.
Спі, наш татка не прыйдзе,
На гэта
Ён не мае бацькоўскага права.
Ноч праходзіць,
Сонца ўзыходзіць,
Заспявалі жаўранкі ў полі.
Іх выводзяць салдаты
За краты.
Хлопчык рад і сонцу, і волі.
Іх салдат
Да сцяны прыстаўляе.
Цэліць кат
У льняныя галовы,
Пачынае
З сына Міная.
Стрэл.
Упаў хлапчук трохгадовы…
Кат ізноў пісталет узнімае…
На сцяне — заложнікаў цені…
Вось і ўсё.
Перад бацькам Мінаем
Станьце, ўсе бацькі, на калені!
Літаральна на перадавой у 1942 годзе напісана, а ў 1943 годзе надрукавана паэма “Сцяг брыгады” – першы буйны твор аб Вялікай айчыннай вайне ва ўсёй савецкай літаратуры, гімн подзвігу савецкіх воінаў, няскораных жыхароў краіны. Паэма пра байца, які зведаў горыч разгрому брыгады, страту баявых сяброў, але выйшаў з варожага акружэння разам з параненым камісарам. За гэту паэму ў студзені 1946 года А.Куляшову была прысуджана Сталінская прэмія першай ступені. Атрыманую прэмію паэт патраціў на пабудову новага дома бацькам у Хоцімску, замест спаленага фашыстамі.
Пасля заканчэння вайны вяртаецца ў Мінск.
1946 год – кніга “Вершы”.
У 1947 годзе ўпершыню дэпутатам Вярхоўнага Савета БССР. Добрасумленна выконваў свае абавязкі слугі народа аж да канца жыцця, клапаціўся аб людзях, дапамагаў. Шмат намаганняў прыклаў , каб пабудаваць школу ў Саматэвічах.
1948 год – кніга “Вершы і паэмы”. Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР узнагароджаны ордэнам Леніна.
1949 год — пастановай Савета Міністраў СССР прысуджана Сталінская Прэмія другой ступені за паэму “Новае рэчышча”.
25 лютага 1955 года Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР за выдатныя заслугі ў развіцці беларускай літаратуры і ў сувязі з Дэкадай беларускага мастацтва і літаратуры ў Маскве ўзнагароджаны ордэнам Працоўнага Чырвонага Сцяга.
1957 год – выйшаў з друку збор твораў у двух тамах.
У лютым 1958 года – прызначаны на пасаду начальніка сцэнарнага аддзела, а затым галоўнага рэдактара кінастудыі “Беларусьфільм”, якую займаў да сакавіка 1967 года. З 1966 па 1978 гады з’яўляўся членам рэдкалегіі часопіса “Новый мір”.
1966 год – зборнік вершаў “Новая кніга”, які стаў вялікай паэтычнай з’явай для ўсёй тагачаснай літаратуры па ваёй духоўнай значнасці і мастацкіх маштабах. Паэзія Куляшова паўстае як адзін скразны маналог пра час, лёс, чалавецтва, Зямлю і Сусвет, як разважанні і думкі чалавека, які заняты карэннымі пытаннямі жыцця, жыве напружана і адказна. У вершах гэтай кнігі, якія сталі пачаткам выхаду ўсёй беларускай паэзіі на новыя абсягі, выявілася філасофская глыбіня паэзіі А.Куляшова, высокі ўзровень паэтычнага майстэрства.
Мне кожны год, нібы жыццём другім,
Жыць у дваццаты век наш давялося…
Я – акіяну жытняга калоссе:
Мільёны лёсаў змешчаны ў маім,
Яшчэ да дна не вычарпаным,
лёсе.
Не золатаздабытчык і не бос –
Дваццатым векам вызвалены атам,
Жылплошчу пазычаю я ў нябёс,
Каб быць для іх таварышам і братам.
Але і гэта не апошні лёс,
Які мне векам суджаны дваццатым.
Ператварацца буду зноў і зноў
З ідэі ў плоць,
з жыцця ў жыццё другое…
Жыву,
і пачуццё ў мяне такое,
Як быццам мне не пяцьдзесят гадоў,
А пяць стагоддзяў –
самае малое.
На паўмільярдным кіламетры
Жыццё маё на хуткасць гуку
Памнож і множанне правер.
Вось ты і адкажы, навука,
Адкуль вяртаецца цяпер
Лясной вяшчунні кукаванне,
Што, абудзіўшы першы сон,
Калісь пазвала ў вандраванне
Мяне на многа тысяч дзён?
Зайшоўшы ў векавыя нетры,
Стаю, зачараваны ім,
На паўмільярдным кіламетры,
Паміж наступным і былым.
Пакліч – былое адгукнецца
Жалейкаю за хваіной;
Скраніся – і важкой хадой
Наступнае ў паход кранецца.
Пяройдзе шлях у новы шлях,
Расстанне – ў новае спатканне,
Напеў жалейкі – ў труб гучанне,
Выток жыцця – ў жыцця працяг.
У красавіку 1967 года Куляшову прызначана персанальная пенсія. Да апошніх дзён свайго жыцця ён працягвае займацца літаратурнай дзейнасцю.
31 кастрычніка 1968 года Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета БССР за вялікія заслугі ў развіцці беларускай савецкай літаратуры прысвоена ганаровае званне народнага паэта БССР.
1972 год — выходзіць аўтабіяграфічная паэма “Далёка да акіяна”. 1970-я гады — кнігі паэзіі “Сасна і бяроза”, “Мая Бесядзь”, “Запісная кніжка”, “На паўмільярдным кіламетры”. 1976 год – выйшла з друку апошняя кніга “Хуткасць”.
4 лютага 1978 года Аркадзь Куляшоў заўчасна памёр. На смерць паэта многія выдатныя беларускія паэты і пісьменнікі адгукнуліся самотнымі радкамі.
Сяргей Грахоўскі
Каля вогнішча
Памяці Аркадзя Куляшова
Мне сняцца твае непрапетыя песні
І вербы над Бесяддзю ў ціхай журбе,
Самотная ў ветраным полі Алеся
Чакае, шукае і кліча цябе.
Цябе ж не даклікацца з дальняй дарогі,
З яе не звярнуцца ніколі назад
На ростані, на курганы і аблогі,
У твой лістабоем завеяны сад.
Зажурыцца восень журбой жураўлінай,
Заплачуць дажджы, загалосіць зіма
Над шляхам Варшаўскім, над горкай калінай,
Дзе вогнішча згасла і прыску няма.
Калі нечакана скацілася знічка
У вечную цемрадзь, у холад ільдзін,
Слязьмі захлынулася ў полі крынічка,
І толькі ўжо ты не заплачаш адзін.
Другія заплачуць, збяруцца другія,
Запаляць агонь на Варшаўскай шашы.
У золкія ранні і ў ночы глухія
Ім свеціць агонь непагаснай душы…
Гады пралятаюць імкліва і шпарка,
Кляновая замець грудок замяла.
Плыве над табой магілёўская хмаркка,
Звініць з Нарачанкі пчала.
Аляксей Русецкі
ПАМЯЦІ АРКАДЗЯ КУЛЯШОВА
Ён пашаннай не шукаў сабе пасады,
Не прыкідваў, хто ніжэй, а хто вышэй;
Незабыўны, з думкай смелаю крылатай
І з лагоднаю смяшынкаю вачэй.
Ён захоплены быў светам шматгалосым,
Чулым сэрцам востра бачыў, быстра жыў,
Адкрываў для ўсіх паэзіі нябёсы,
Хараство яе абшараў, новых ніў.
Ля ракі яго маленства, першай мары,
Дарагі яму зязюльчын ёсць куток,
Побач станцыя малая «Камунары»,
Паравозны ўдалеч поклічны гудок.
Ад яе – шлях маладосці ў свет вялізны;
І турботы пяцігодак, і баі
Нараджалі песню, сказ аб камунізме,
Пра яго жніво, паселішчы, гаі…
І ў наступным часе, кожнаю вясною,
Як пад сонцам абуджаецца трава,
Будзе сэрца біцца гулкае лясное,
Будзе з песні той зязюля кукаваць.
І жаўрук над полем новага стагоддзя
Нагадае сказ паэта ў дні сяўбы.
Мы паціху адыходзім, адыходзім
У нябыт.
У спадчыну нашчадкам народны паэт Беларусі Аркадзь Куляшоў пакінуў больш за дваццаць кніг вершаў і каля двух дзясяткаў паэм. Акрамя гэтага на працягу ўсёй сваёй творчасці паэт таленавіта і многа перакладаў. Спрабаваў свае сілы і ў галіне кінематаграфіі – сумесна з А.Кучарам напісаў сцэнарый фільма “Чырвонае лісце”, прысвечанага рэвалюцы йнай барацьбе ў 1930-я гады. У суаўтарстве з М.Лужаніным – сцэнарыі мастацкіх фільмаў “Першыя выпрабаванні” – па матывах трылогіі Я.Коласа “На ростанях”, і “Запомнім гэты дзень” – пра першыя дні Кастрычніцкай рэвалюцыі на Заходнім фронце і ў Беларусі.
З мэтай увекавечання памяці народнага паэта Беларусі Савет Міністраў БССР пастанавіў прысвоіць яго імя Магілёўскаму педагагічнаму інстытуту, Саматэвіцкай сярэдняй школе і адной са школ горада Мінска. Яго імя носяць вуліцы ў Мінску, Магілёве і Касцюковічах; у сталіцы на доме №7 па вуліцы Янкі Купалы, дзе жыў паэт, усталявана мемарыяльная дошка. З 1979 года Саюзам пісьменнікаў Беларусі прысуджаецца Літаратурная прэмія імя А.А.Куляшова. на радзіме паэта – у Саматэвічах – створаны Літаратурны музей А.Куляшова.
Размова з патомкам
Я не заўважыў,
калі мая сталасць настала.
Ты выбачай, мой патомак,
далёкі мой брат,
Песню, якая ў юнацтве
сурова гучала,
Вуха людское не песціла,
біла ў набат.
Песня мая
не ўзышла сярод кветак, вядома,
Кветкай у доме тваім яна
не расцвіце.
Час наш імклівы,
а песня таксама не зломак,
Каб, мазалі панацёршы,
плясціся ў хвасце.
Даў я ёй боты
і лыжку запхнуў за халяву,
Каб ні на крок не пасмела
ад часу адстаць.
Я пасылаў яе
ў пекла агню не па славу,
А для таго, каб людзей
ад бяды ратаваць.
Хіба магла яна
гнацца за ўласнаю славай,
Хіба ласкавай
магла быць у тыя гады,
Калі у кожным радку яе
ранай крывавай
Родныя сёлы дыміліся і гарады.
Знай, што я сам
з абгарэўшымі тымі радкамі
Быў неаднойчы ахоплен
знішчальным агнём,
Што я не толькі пісаў іх
сваімі рукамі,
Сам бараніў іх ад смерці
салдацкім штыком.
Сам бараніў іх,
але калі б мне загадалі
З песняй памерці,
ратуючы родны прастор —
Зоры Крамлёўскія,
Крымскія сінія хвалі,
Горы Валдайскія, —
я без вагання б памёр.
Вось чаму сёння,
у мірны наш дзень, пасля боя,
Рад я за песню,
што выстаяла ў барацьбе,
Але найбольш, мой патомак,
я рад за друтое —
Рад, што жыццё
здабылі мы сабе і табе.
Песня мая
не красуняю-кветкай з паляны,
Песня мая пехацінцам
увойдзе ў твой дом,
Ты ёй даруй
і глыбокія шрамы і раны,
Знай, што і ім ты
сваім абавязан жыццём.
Паэзіі цяжка ў наш інфармацыйны, камп’ютарны век адваёўваць сабе месца, але напісанае А.Куляшовым не забываецца, не губляецца, а наадварот, па-ранейшаму знаходзіць гарачы водгук у чытацкіх сэрцах. Паэзія Куляшова сёння – адна з найбольш яркіх старонак у гісторыі беларускай паэзіі.
Пімен Панчанка
КУЛЯШОВУ
Прыціхнуў боль,
Адна туга тупая…
Не пазваніць табе,
Не адшукаць…
Як шчырасці тваёй
мне не хапае,
Як не хапае мне цябе, Аркадзь.
Лісток, з галінкі адарваны, шаснуў
Ля сэрца,
Паляцеў –
не здаганю…
Гарыць касцёр твой
Ля шашы Варшаўскай,
І кожны дзень
Бягу я да агню.
Штодня жыву
Між кніг тваіх і песень,
І ціха на зямлі тваёй плывуць
Любімыя табой
Віхра і Бесядзь
І ў акіян жыццё нясуць.
Цяжкім ты пры жыцці быў
ці інакшым,
Каго ты не любіў,
Каго любіў –
Пачнуць хлусіць
Мемуарысты нашы…
А праўда ўся:
Ты Куляшовым быў.
Ты мудры быў –
І тут мне не пярэчаць –
І ўсё аддаў
праўдзіваму радку…
Ты марыў зноў
Праплыць па роднай рэчцы,
Каб сонца з вёслаў капала ў раку.
Асенні дзень.
Лятуць на поўдзень гусі.
Над Свіслаччу стаю я
пад вярбой,
І скарджуся,
І радасцю дзялюся,
Я, як заўсёды, раюся з табой.
Пад сонцам
І пад небам перуновым
Цяжэй нам без цябе пісаць і жыць…
І кружыцца планета Куляшова,
І песня пра Алесю ўсё звініць.
1979