• пн-пт 8:00–20:00
  • сб 8:00–19:00

Сцельмах М. У. Пазакласнае мерапрыемства па беларускай мове і літаратуры “Народны каляндар”

Дата публикации: 14 августа 2019

Мэты: — пашырыць веды школьнікаў пра свой родны край, беларускую культуру, абрады і народныя традыцыі, паказаць узаемасувязь культуры і быту;

— выхоўваць патрыятычныя пачуцці, абуджаць цікавасць да вывучэння краязнаўчага матэрыялу.

Абсталяванне: музейная экспазіцыя, раздатачны матэрыял для правядзення віктарыны, касцюмы для ўдзельнікаў інсцэніроўкі.

Ход мерапрыемства

  1. I.Арганізацыйны момант.
  2. Уступнае слова настаўніка. Паведамленне тэмы і мэты мерапрыемства.

Настаўнік: Дарагія сябры! Сёння ў нас незвычайнае мерапрыемства – экскурсія-віктарына “Народны каляндар”. Чым жа яно незвычайнае? Праводзім мы яго не ў школе, а ў Магілёўскім музеі этнаграфіі. А ў ролі экскурсаводаў выступаць будзеце вы самі і вашы аднакласнікі. Па ходу нашай экскурсіі я буду прапаноўваць вам пытанні віктарыны, правільна адказаць на якія вы зможаце, калі будзеце ўважліва слухаць тую інфармацыю, што будзе агучана нашымі экскурсаводамі. (Пытанні віктарыны змешчаны ў канвертах па тэмах, вучні выцягваюць пытанне і даюць на яго адказ.) А звернемся мы сёння непасрэдна да тых экспазіцый, якія адлюстроўваюць каляндар селяніна. Усім жадаю поспехаў у набыцці ведаў.

  1. III.Экскурсія-віктарына

Блок 1. Каляды

Экскурсія

Вучань 1: Каля́ды — народнае зімовае свята дахрысціянскага паходжання. Працягваюцца дванаццаць дзён з 24 снежня (6 студзеня) па 6 (19) студзеня.

У гадавым коле народных земляробчых абрадаў і свят займала 1-е месца. З усталяваннем хрысціянства прымеркавана да рэлігійных свят Нараджэнне Хрыстова і Хрышчэнне Гасподняе. На Беларусі хрысціянская абраднасць святкавання Каляд шчыльна пераплецена з народнымі святочнымі звычаямі.

Да каляд абавязкова адказна рыхтаваліся. Прыбіралі хату, убіралі яе самаробнымі ўпрыгожваннямі, рабілі, калі быў патрэбны, рамонт усіх гаспадарчых будынкаў на падвор’і. Да калядаў стараліся пашыць новае адзенне, абавязкова памыцца ў лазні. Новы год і новае сонца непрыгожа сустракаць, калі непарадак у гаспадарцы ці ў душы. Вось і зараз стараюцца людзі да новага года дарабіць пачатыя справы, разлічыцца з пазыкамі, прыбраць жыллё. А вось замест звычайнай у нашыя часы навагодняй яліны асноўным упрыгожаннем хаты таго часу быў сноп збожжа, які уносілі ў хату ў першы дзень каляд і трымалі там да апошняга. Замест снапа магла быць і саламяная лялька, якая ўяўляла сабой нованароджаны год.

Каляды – свята вясёлае. Асаблівы святочны настрой стварала, мабыць, і тое, што да пачатку работ у полі – самы цяжкі час для нашых продкаў – было яшчэ далёка. Нават больш – на каляды нельга было рабіць ніякую працу, ані ткаць, прасці, рыхтаваць дровы – можна было толькі весяліцца, каб падтрымаць сілы святла сваім настроем ды задорам. Асаблівае месца ў святкаванні каляд адводзілася абрадаваму сталу і святочным стравам. Стол, вядома, павінен быць багатым, каб наступным годам мець добры ўраджай і здароўе дзеля людзей і жывёл. Пад абрус на стол клалі сена, каторае пасля вячэры скормлівалі каровам, што павінна было зберагчы іх ад ваўкоў і паспрыяць павелічэнню надоеў малака. У кожнай, нават самай беднай, хаце на каляды даставалі са схованак мяса ды каўбасы, сала, арэхі, яблыкі, мёд. Ад галоўнай стравы калядаў – куцці (ячневая каша з дабаўленнем мёду, арэхаў, шкварак) – узялі назву тры абавязковыя святочныя вячэры.

Вучань 2: Вялікая куцця

Першая вячэра (6—7 студзеня), што мела назву «Поснай» ці «Вялікай Куцці» — гэта канец шасцітыднёвага Піліпаўскага посту, пачатак святочных дзён і вечароў. Напярэдадні Калядаў з самай раніцы ў кожнай хаце старанна прыбіраліся, уся сям’я мылася, а пасля пачыналі гатаваць вячэру. За стол сядалі, як толькі на небе з’яўлялася першая зорка. У гэтым звычаі адлюстраваліся вядомыя хрысціянскія ўяўленні аб цудоўнай зорцы, якая паказвала вандроўнікам шлях да месца, дзе нарадзіўся Ісус Хрыстос. Пад абрус на святочны стол абавязкова падкладалі сена, што асэнсоўвалася як напамін аб тым, што Ісус адразу пасля нараджэння быў пакладзены на сена ў яслях. Збожжа, прызначанае для сяўбы, ставілі ў рэшаце на покуць, дзеля павышэння ўрадлівасці. Гаспадар запрашаў за святочны стол Дзядоў, чыя прысутнасць была гарантам жыццёвай стабільнасці ўсяго роду. Святочная вячэра складалася з 12 страваў. Перш чым пачаць вячэру, гаспадар браў гаршчок з куццёй і тройчы абыходзіў хату, затым стукаў у акно, а жонка з хаты пыталася: «Хто там стукае?» Гаспадар адказваў: «Сам Бог стукае з цёплай, мокрай вясною, з гарачым небурлівым летам, з сухой і багатай восенню.» Жонка павінна была адказаць: «Просім дахаты.» На першую куццю імкнуліся не хадзіць у чужыя хаты з-за прыкметы, што жывёла сыдзе са двара і прападзе. Менавіта Куцця і сімвалізуе калектыўную (сямейную) долю (дабрабыт, шчасце), і таму пакаштаваць яе мусіў кожны. Дзеля павелічэння прыплоду і ўдойнасці рэшту куцці давалі . свойскай жывёле.

Вучань 3: Шчодрая куцця

Вечар напярэдадні Новага года (з 13 на 14 студзеня) называецца «шчодрым», «ласым». Гэтую назву свята атрымала ад шчодрай куцці. Яшчэ загадзя гаспадар біў кормную свінню, «каб Каляда не гневалася ды дала на ўсё добры ўраджай, а на гавядо харошы прыплод. На стол ставілі смажаныя каўбасы, свежаніну, сыр, яечню, бліны з верашчакай. У цэнтры навагодняй абрадавай ежы знаходзілася мяса свінні, якая з-за сваёй пладавітасці ўспрымалася, як сімвал урадлівасці. Для таго, каб куры несліся дома, а не на чужых дварах, пасля святочнай вячэры прыносілі ў хату абруч, выкладвалі ў яго рэшткі вячэры і кармілі ў гэтым абручы курэй. Сустрэча Новага года абавязкова суправаджалася шчадраваннем. Цэнтральнай дзеючай асобай шчадроўнага гурту была «каза» — жвавы, здатны да танцаў хлопец, апрануты ў вывернуты кажух. Ён трымаў у руках зробленую з дрэва або з паперы галаву казы. «Казу» суправаджаў павадыр, які павінен быў умець складна гаварыць. У гурт таксама ўваходзілі музыканты, механошы, песеннікі, якія падтрымлівалі галоўных дзеючых асоб.

Вучань 4: Вадзяная куцця

Трэцяя, «Посная», «Вадзяная» Каляда (18—19 студзеня), супадае з Вадохрышчам. Менавіта ў памяць аб Хрышчэнні Ісуса Хрыста ў водах Іардану ўстаноўлена гэта свята. Святочная вячэра складалася з няцотнай колькасці посных страваў. У хрысціянскім свеце на Хрышчэнне знайшлі адбітак старажытныя вераванні ў магію вады. Апоўначы гаспадыні хадзілі на рэчку ці на возера і чэрпалі ваду, якую пасля захоўвалі, як гаючую. На Хрышчэнне хадзілі ў царкву і імкнуліся як мага хутчэй вярнуцца дадому — тады ўраджай гаспадар збярэ першым. Сена, на якім на працягу Калядаў стаяла куцця, паступова аддавалі хатняй жывёле, як ахоўны сродак ад хвароб і ад шкоднага ўплыву ведзьмаў.

У гэты дзень выконваўся таксама абрад «запісвання Каляды», мэтай якога была засцярога дома, усёй гаспадаркі ад уздзеяння нячыстай сілы. Дзеля гэтага гаспадар вынімаў з печы гаршчок з куццёй, ставіў у ім зроблены з лучыны крыж, які на другі дзень апускаўся ў ваду. Вечарам гаспадар, узяўшы першы блінец ці верх куцці, абыходзіў усе свае будынкі і маляваў на сценах крыжы крэдай.

Вучань 5: Нельга не ўзгадаць і пра “калядаванне” – адну з самых яркіх традыцый, што дайшла да сучаснасці. Лічылася што толькі вяселле, шумлівыя гулянні могуць напалохаць злыдняў, павылазіўшых з таго свету, ды аберагчы людзей ад іх. Моладзь збіралася разам, пераапраналіся ў строі істотных татэмных жывёл (мядзведзя – увасабленне Велеса, карову, казу, каня – сымбалі дастатку, багацця, бусла – што лічыўся талісманам удачы, ладу) і хадзілі па хатах, спяваючы калядныя песні з пажаданнямі ўсяго лепшага, услаўляючы сілы святла і граючы на музычных інструментах. Гаспадары ж, каторых яны наведалі, давалі ў падзяку за абарону ад нячысцікаў розныя прысмакі. Адмовіць калядоўшчыкам у пачастунках было тое самае што наклікаць на сябе няміласць усіх татэмных жывёл, пазбавіць сябе дабрабыту на ўвесь наступны год. З поўнымі мяшкамі пачастункаў калядоўшчыкі збіраліся ў адным месцы, у вялікай хаце ці на вуліцы, дзе разам “прыгаворвалі” дары, палілі вогнішчы, пелі ды танчылі ўскруг іх, каб сваёй бадзёрасцю і ўзнятым настроем дапамагчы светлым сілам атрымаць перамогу над цёмнымі. Ну і каб сагрэцца, канечне, бо надвор’е стаяла халоднае.

Ад той пары і да сёння захаваўся звычай ладзіць маскарад на новы год, абменьвацца падарункамі, вадзіць карагоды. А яшчэ на Каляды абавязкова варажылi. З першай куццёй – на ўраджай, а пасля – на жаніцьбу ды прыплод хатняй жывёлы – каго што больш цікавіла. Кідалі на дарогу чаравікі, пыталіся імёны, лілі воск у сцюдзёную ваду, а самыя смелыя хадзілі варажыць у лазню.

Віктарына.

  1. Колькі дзён працягваюцца Каляды? (12, з 6 па 19 студзеня.)
  2. Якую страву абавязкова гатуюць на Каляды? (Куцця.)
  3. Што клалі на стол пад абрус на Каляды і што потым з гэтым рабілі? (Сена. Аддавалі хатняй жывёле.)
  4. Як называюцца тры абавязковыя абрадавыя вячэры на Каляды і калі яны адбываюцца? (Вялікая, Посная куцця – 6-7 студзеня; Шчодрая куцця – 13-14 студзеня; Вадзяная куцця – 18-19 студзеня.)
  5. Калі сядалі за стол на Каляды? (Калі на небе з’яўлялася першая зорка.)
  6. Што рабіла моладзь у час святкавання Калядаў? (Хадзіла калядаваць.)
  7. Хто быў цэнтральнай асобай сярод калядоўшчыкаў? (Павадыр з Казой.)
  8. Што павінны былі зрабіць гаспадары, да якіх завіталі калядоўшчыкі? (Пачаставаць, аддзячыць.)
  9. Які пост заканчваецца на Каляды? (Піліпаўскі.)
  10. Чаго нельга было рабіць на Каляды? (Працаваць.)

Блок 2. Масленіца

Экскурсія

Вучань 6: Масленіца (Запусты, Масленка, Сырны тыдзень) – старажытнае перадвеснавое свята, звязанае з культам прыроды; урачыстыя праводзіны зімы. У народным календары Масленіца не мае канкрэтнай даты. Пачынаецца за 8 тыдняў да Вялікадня, або за 7 дзён да перадвелікоднага 7-тыднёвага Вялікага посту. Працягваецца Масленіца роўна тыдзень. Гэта першае свята ў гонар сонца, таму ў час святкавання Масленіцы на санях вазілі кола, якое сімвалізавала сонца, а пудзіла ў выглядзе жанчыны ўяўлялася як яго маці. Спальванне пудзіла (антрапаморфны сімвал зімы) на Масленіцу азначала адыход (“смерць”) зімы. Ракладвалі кастры, вакол якіх вадзілі карагоды. Паводле павер’я, такім чынам развіталіся з усім злым і нячыстым. Назва, відаць, паходзіць ад таго, што на працягу ўсяго тыдня дазвалялася есці каровіна масла (у буднія дні ўжывалі канапляны ці льняны алей). Асноўная накіраванасць масленічнай абраднасці – паскарэнне надыходу вясны і забеспячэнне дастатку ў доме.

На Масленічным тыдні ў вёсцы святкаванне звычайна пачыналася ў чацвер. Па некаторых звычаях, прымеркаваных да Масленіцы, чацвер вылучаўся з шэрагу іншых масленічных дзён. Гэты дзень меў назву святога Уласа – ахоўніка гаспадарчай жывёлы. Па народным павер’і, на Уласа павінен першы раз заспяваць жаваранак, які, магчыма, не адлятае ў вырай на поўдзень, а замірае да наступнай вясны дзе-небудзь ва ўтульным месцы на полі, пераважна пад мяжой. Таму ён, як мяркуюць, раней за іншых птушак з’яўляецца на полі (як толькі пачынаюць адтайваць межы). У народзе кажуць: “жаўранак – на праталінку, а шпак – на прагалінку”. У некаторых мясцовасцях (былы Наваргудскі павет Мінскай губерні) на Уласа першы раз запрагаюць маладых коней і валоў. У гэты ж чацвер гушкаліся на арэлях. Звычай захаваўся як адзін са шматлікіх масленічных забаў. Значэнне яго, на думку селяніна, заключалася ў тым, каб у новым аграрным годзе рос доўгі і моцны лён.

Вучань 7: На Масленіцу па даўняй традыцыі абавязкова пяклі бліны. На Масленічным тыдні першыя 2-3 дні гаспадыня пякла бліны аржаныя, аўсяныя (ці ячныя), а пасля, калі надыходзілі “развітальныя” дні, пяклі ўжо бліны з куплёнай грэцкай мукі. Звычайна на стол падаваўся цэлы стос бліноў, які гападар разразаў на 4 часткі, крыж накрыж. Пасля кожны з сямейнікаў браў кавалак бліна і еў яго з творагам, залітым у місцы растопленым каровіным маслам. Разам з блінамі на стол падаваўся і селядзец.

На мясапосным тыдні наладжваліся “запускі” на каўбасу і мяса. Гэта быў дзень перанасычэння скаромнай ежай. На “запусты” гаспадыням не было калі нават поту ўцерці: трэба было то пячы, то варыць, хоць ежа і не вызначалася сваёй разнастайнасцю і вытанчанасцю. У гэты дзень была звычайная ежа, толькі багата заскваркавалася свежыною ці салам. Варылі капусту, рыхтавалі квас. Была і верашчака з каўбасамі, якая перапаўнялася скваркамі. Крупнік і куцця таксама запраўляліся свежыною. На “запускі” (“запусты”) варылі яшчэ і студзіну, ці квашаніну са свіных ног, галавы і вушэй. Гэта лічылася як прывілеяваная страва. Не абыходзілася і без гарэлкі. Пра яе гаварылі: “Гэта тая, што нараджае, яна ж і пахавае”. Найбольш блізкія сваякі на “запускі” частаваліся (“загаўляліся”) сумесна. Сваты, кумы і інш. радня ездзілі адзін да аднаго ў госці. На Масленіцу адведвалі і бабку-павітуху. Удзень каталіся на санках з горак. Прыцемкам на вуліцы збіралася моладзь. Хлопцы і ідзяўчаты скакалі, вадзілі вакол вогнішча карагоды, спявалі масленічныя песні і іншыя песні на матыў вясновых.

Вучань 8: У апошні дзень Масленіцы бытаваў сямейны звычай дараваць крыўды. Пасля вячэры гападар садзіўся на покуці ў самым строгім настроі. Спачатку па старшынстве падходзілі да яго сыны, пасля – жанчыны і, кланяючыся да зямлі, гаварылі: “Прабач, бцька родны, калі чым саграшыў перад табою справаю ці языком”. Калі ўсе сямейнікі канчалі свае просьбы, гападар падымаўся са свайго месца і кланяўся да зямлі ўсёй сям’і, таксама просячы дараваць яму за ўсе памылкі і грахі.

Масленіца заканчавалася “запускамі” на малочныя стравы, пасля чаго пачынаўся пост. У нядзелю, напярэдадні “запускаў”, рабілася вячэра, якая складалася толькі з малочных страў.

У апошнія 2 дні Масленіцы весела каталіся на конях, упрыгожаных стужкамі і званочкамі. У масленічных абрадах і звычаях захаваліся вераванні ў магічныя дзеянні, што былі накіраваны на хутчэйшы надыход вясны і цяпла, забеспячэнне поспеху сялянскай працы ў полі, урадлівасць нівы, здароўе і лад у сям’і, яе дабрабыт.

Віктарына:

  1. Калі святкуецца Масленіца? (За 8 тыдняў да Вялікадня.)
  2. Колькі працягваецца Масленіца? (Тыдзень.)
  3. Якая ежа была абавязковай на Масленіцу? (Бліны.)
  4. Што сімвалізаваў блін? (Сонца.)
  5. У які дзень звычайна пачыналіся святкаванні на Масленіцу? (Чацвер.)
  6. Які звычай існаваў у апошні дзень Масленіцы? (Дараваць крыўды.)
  7. Сімвалам чаго лічылі пудзіла, якое спальвалі на Масленіцу? (Сонца.)
  8. Вячэрай з якіх страў заканчвалася Масленіца? (З малочных.)
  9. Што пачыналася пасля Масленіцы? (Пост.)
  10. Чаму свята называецца Масленіца? (Ужываецца многа масла.)

Блок 3. Вялікдзень

Экскурсія

Вучань 9: ВЯЛІКДЗЕНЬ (мясцовыя назвы — Вялікадне, Вялічка, Пасха) – вялікае свята ў гонар сонца, вясны, абуджэння прыроды і надыходу земляробчага сезона. У эпоху хрысціянства Вялікдзень стаў прымяркоўвацца да ўваскрэсення ўскрыжаванага Хрыста. Дзень правядзення Вялікадня залежыць ад месячнага календара: у праваслаўных ён святкуецца ў нядзелю пасля поўні, якая з’явіцца на небе пасля дня веснавога раўнадзенства, г.зн. паміж 4 красавіка і 8 мая новага стылю. Да Вялікадня прывязаныя і іншыя рухомыя святы і перыяды народнага календара: Масленіца, Вялікі пост, Серадапосце, Вербніца, Чысты чацвер, Радаўніца, Ушэсце, Сёмуха, Русальны тыдзень і інш.

Вялікдзень – самае доўгачаканае і радаснае свята ў хрысціян, якое прыходзіла пасля працяглага сямітыднёвага посту. Да Вялікадня ўсе старанна рыхтавалі самыя разнастайныя стравы, каб належным чынам сустрэць свята. У суботу ўсе, хто мог, ішлі на святочную службу ў храм. Тыя, хто заставаўся дома, не клаліся спаць, раскладалі на вясковых вуліцах вогнішчы і чакалі, калі апоўначы зазвоняць званы і паведамяць усім, што Хрыстос Уваскрос. Казалі, што ад гэтага звону абуджаюцца пасля зімы пчолы і пачынаюць пець птушкі і першай з іх — наймілейшая Богу птушка салавей. Напярэдадні Вялікадня ці на самым яго пачатку людзі неслі асвячаць у храм яйкі, пафарбаваныя галоўным чынам у адвары шалупіння цыбулі ці кары дрэў, што надавала ім чырвоны колер (былі пісанкі, маляванкі – яйкі, размаляваныя рознымі ўзорамі, пераважна на Заходняй Беларусі). Яйка для асвячэння трэба было крыху аблупіць, каб святасць лепш прайшла ў яго. “Свято Вялічка – з красным яічкам” – менавіта ім разгаўляліся на Вялікдзень за святочным сталом. А прынёсшы яйка дадому з царквы, апускалі яго ў ваду, каб ёю памыцца і быць румяным, прыгожым і здаровым увесь год. Адно велікоднае яйка клалі за абразы: калі яго кінуць у пажар, то ён патухне. З тою ж мэтай захоўвалі шкарлупінне ад першага з’едзенага на Вялікдзень яйка, нямыты абрус з велікоднага стала, а косткі з асвечанага мяса спецыяльна закопвалі на гарышчы (аднак, калі іх закопвалі ў жыце, спадзяваліся тым самым засцерагчыся ад буры і граду).

Вучань 10: Улюбёныя гульні на Вялікдзень – таксама з яйкамі: іх каталі па нахіленым жолабе і глядзелі, чыё далей пакоціцца. Іх хавалі пад шапку, і трэба было ўгадаць, у якім напрамку глядзіць дзюбка. Але найбольш пашыраная была гульня ў біткі. Стукаліся святочнымі яйкамі, і перможцам быў той, у каго яно заставался цэлае (“мацак”).

У першы дзень Вялікадня трэба было есці толькі ўсё асвечанае. Разгавеўшыся ў сваёй хаце, гаспадары прыхоўвалі рэшткі асвечаных страў, каб праз дзевяць дзён, на Радаўніцу, занесці на могілкі і “пачаставаць” нябожчыкаў.

На Вялікдзень мужчыны і хлопцы збіраліся ў вялікія (па 10—20 чалавек) гурты валачобнікаў і хадзілі па сяле спяваць у кожным двары валачобныя песні. ВАЛАЧОБНІКІ (мясцовыя назвы — лалоўнікі, лачыншчыкі, кукольнікі, хрыстаслаўнікі) – удзельнікі традыцыйнага штогадовага абходу двароў на Вялікдзень з велічальна-віншавальнымі валачобнымі песнямі і музыкай. Звычай валачобнага абходу існаваў на ўсёй этнічнай тэрыторыі беларусаў, у тым ліку на Віленшчыне, Беласточчыне, Чарнігаўшчыне, Смаленшчыне, Пскоўшчыне. Валачобныя групы фарміраваліся з мужчын адной узроставай катэгорыі – дарослых сярэдніх гадоў мужчын, дзецюкоў шлюбнага ўзросту, юнакоў-падлеткаў. Валачобны гурт захоўваў прыкметы сакральнасці, паводзіў сябе рытуальна, годна, бо нёс выключна добрыя звесткі, падтрымліваў жыццёвы аптымізм. Функцыі ў групе валачобнікаў падзяляліся наступным чынам: кіраўнік, адказны і дасведачны спявак, называўся пачынальнікам, ён пачынаў і выстройваў усю песню і завяршаў яе прамовай; яму дапамагалі “падхватнікі”, што спявалі часам толькі рэфрэн; музыка суправаджаў спеў ігрой на народных існтрументах, а “механоша” мог зусім не спяваць, галоўнае, каб ён меў сілу насіць і зберагаць дары, што давалі валачобнікам, — пірагі, масла, мяса, сала, каўбасы, сыр і яйкі. Валачобнікі хадзілі толькі па сваіх звычайных акругах. Гэта была нялёгкая праца, якая доўжылася ўсю велікодную ноч і заканчвалася агульным рытуальным пірам удзельнікаў. Умелыя валачобнікі не толькі ўмелі падабраць кожнаму адрасату адпаведную песню, але і вершаванае завяршэнне, злёгку гумарыстычнае, каб лягчэй і спарней прыносіліся дары.

На Вялікдзень існавала многа прадказанняў надвор’я. Чакалася, што сонца на ўсходзе, як і на Купалле, “іграе”, “купаецца” (гэта абяцала багаты ўраджай, шчаслівае вяселле). Адкуль вецер дзьме – адтуль будзе дуць усё лета. Калі яснае і халоднае надвор’е – летам у садзе будзе поўна розных пладоў. Калі дождж – да Сёмухі трэба чакаць больш даджоў, чым ясных дзён.

Віктарына:

  1. Да якога святы прымеркавалі Вялікдзень у эпоху хрысціянства? (Уваскрасенне Хрыста.)
  2. Чаго чакалі апоўначы на Вялікдзень? (Як зазвоняць званы.)
  3. Якая птушка першай пачынае спяваць на Вялікдзень? (Салавей.)
  4. Што неслі на Вялікдзень асвячаць у царкву? (Фарбаваныя яйкі.)
  5. Чым фарбавалі яйкі на Вялікдзень? (Шалупінне цыбулі.)
  6. Як называліся яйкі, размаляваныя рознымі ўзорамі? (Пісанкі, маляванкі.)
  7. Для чаго адно велікоднае яйка клалі за абразы? (Калі кінуць яго ў пажар, ён патухне.)
  8. Якая гульня была найбольш пашыранай у Вялікдзень? (Біткі.)
  9. Як называліля людзі, якія ў Вялікдзень хадзілі па вёсцы і спявалі песні? (Валачобнікі.)
  10. Што прадказвалі на Вялікдзень? (Надвор’е.)

Блок 4. Купалле

Экскурсія

Вучань 11: Купала, Іван, Ян– старажытная абрадавая ўрачыстасць, прымеркаваная да летняга сонцастаяння, найвышэйшага росквіту жыватворных сіл прыроды. Свята персаніфікавалася ў вобразе міфічнай істоты Купалы. У выніку пазнейшага напластавання на язычніцкі абрад хрысціянскай традыцыі свята прывязалася да дня Раства Іаана Хрысціцеля і ў праваслаўных аздзначаецца ў ноч з 6 на 7 ліпеня н.ст. Як міфічны вобраз увасабляе сабой ляльку – жаночае чучала, якое насілі, скакалі з ім, запальвалі і тапілі ў вадзе.

Купала – карнавальная маска-персанаж міфічнай істоты. Найбольш была пашырана на Палессі і Магілёўшчыне, дзе яе называлі “дзеўка-Купала”. Яе ролю абавязкова выконвала самая прыгожая дзяўчына на вёсцы. Дзеля стварэння карнавальнага купальскага вобраза дзяўчыну распраналі дагала і абмотвалі зелянінай і кветкамі, на галаву ўскладалі вялікі вянок, сплецены таксама з зеляніны і кветак. Звычайна яна ў акружэнні мнагалюднага карагода ішла ў лес, дзе былі прыгатаваны вянкі. Купале моцна завязвалі вочы, дзяўчаты скакалі і выкручваліся вакол яе, яна ж раздавала ім вянкі, якія прадказвалі лёс дзяўчат: каму даставаўся свежы вянок – будзе жыць весела і багата; калі завялы, то “не бачыць ёй шчасця”.

Вучань 12: Да купальскай ночы рыхтаваліся з раніцы. Жанчыны і дзяўчаты ішлі на луг збіраць кветкі і зёлкі, якія ў гэты дзень набывалі асаблівую гаючую сілу. Пасвечаныя ў царкве і засушаныя, яны потым служылі лекавымі сродкамі на цэлы год.

Купальскія зёлкі – расліны, якія набывалі сакралізаваны статус толькі на свята Купалля. Верылі, што ў гэты дзень узрасталі іх магічныя і лекавыя якасці. Для варожбаў купальскія зёлкі збіралі дзяўчаты; для лекавых мэт – жанчыны па-за фертыльным узростам – дзяўчынкі або пажылыя жанчыны. Лекавая моц узмацнялася асвячэннем такіх зёлак у царкве або касцёле. Асвечаныя вянкі развешваліся ў хаце на сцяне, а ў час хваробы іх заварвалі і пілі адвар або “падкурвалі” імі хворага.

З кветак плялі вяночкі для варажбы, кветкі купалак уторквалі ў сцены між бярвеннямі, загадваючы на лёс кожнага з сямейнікаў.

Удзень на месца правядзення свята зносілі розную старызну для купальскага вогнішча. Жывы агонь для яго здабывалі шляхам трэння кавалкаў дрэва. Як сімвал сонца ўздымалі на жардзіне запаленае кола. Полымю святочнага агню надзялялася ачышчальнай сілай ад злых духаў, праганяла смерць. На ім прасушвалі сарочкі хворых, да яго падносілі дзяцей, што занядужылі. Моладзь скакала каля вогнішча, вадзіла карагоды, спявала. Тут жа гатавалі абрадавую вячэру, частаваліся. У агонь у якасці ахвяры кідалі пучок лёну са словамі-заклінаннямі “Зарадзі лён”. Верылі, што на купальскае вогнішча ў гэтую ноч, калі адбываецца разгул нячыстай сілы, могуць з’явіцца ведзьмы, часам ператвораныя ў жывёлу.

Вучань 13: Апоўначы моладзь ішла ў лес шукаць параць-кветку. У купальскую ноч на яе сыходзіць агонь Перуна, і яна ўспыхвае яркім агнём, цвіце некалькі імгненняў, і таму трэба паспець ухапіць яе: “Хто гэту кветку здабудзе, той будзе мець усё, што пажадае”. Авалоданне папараць-кветкай атаясамлівалася з багаццем, з закапанымі скарбамі, якія ў гэту ноч выходзяць на паверхню.

Пашыранай на купальскім свяце была варажба. Маладыя людзі загадвалі, што іх чакае ў будучым. Па кінутых папарна вянках сачылі, сыйдуцца яны ці расплывуцца, чый вянок паплыве далёка, а чый прыстане да берага.

Пад раніцу дзяўчаты і хлопцы купаліся ў рацэ, качаліся на купальскай расе, каб набрацца ад яе моцы; сустракалі ўсход сонца, якое, падымаючыся, “іграе”, “купаецца” – дзеліцца на кругі, сыходзіцца, пераліваецца рознымі колерамі.

У свяце Купалля спалучыліся культы сонца, агню, вады і расліннасці.

Віктарына:

  1. Калі святкуецца Купалле? (З 6 на 7 ліпеня.)
  2. Да якога праваслаўнага свята прымеркавана Купалле? (Раство Іаана Хрысціцеля.)
  3. Хто з’яўляецца галошным вобразам свята? (Купала, маладая дзяўчына.)
  4. Як жанчыны і дзяўчаты рыхтуюцца да Купалля? (Загадзя плятуць вянкі.)
  5. Што такое купальскія зёлкі? (Расліны, якія набывалі ў гэту ноч гаючую сілу.)
  6. Што шукалі ў лесе на Купалле? (Папараць-кветку.)
  7. З якой мэтай шукалі папараць-кветку? (З яе дапамогай усё, што ні пажадаеш, абавязкова збудзецца.)
  8. Навошта моладзь раніцай качалася па расе? (Каб набрацца моцы.)
  9. Што рабіла моладзь на Купалле? (Варажыла.)
  10. Дзе запальвалі на Купалле вогнішча? (На ўзвышаным месцы каля ракі ці возера.)

Настаўнік: Вы ўсе малайцы, добра і хутка справіліся з заданнямі віктарыны. І экскурсія нам была прапанавана цікавая і змястоўная. А зараз давайце звернемся да прагляду фрагмента святкавання аднаго з тых святаў, пра якія сёння ішла гутарка. Вашай увазе прапанавана свята Каляды.

  1. IV.Інсцэніроўка святкавання Калядаў на Беларусі

(Звычайная беларуская хата: стол, лаўкі, не куце фіранкі, унізе, на падлозе чыгун з кашай, які стаіць у сене. У пакоі дзед і баба, з імі іх унучка. Баба збірае на вячэру.)

Баба. (седзячы за сталом) Ці бачыш мяне дзед?

Дзед. Не бачу!

Баба. Каб жа ты не бачыў за стагамі, за капамі, за вязамі, за снапамі свету!

Дзед. А ці бачыш ты мяне?

Баба. Не бачу!

Дзед. Каб жа ты не бачыла за гуркамі, за гарбузамі, за капустаю, за буракамі свету!

Баба. (Хапае качаргу і пачынае лупцаваць дзеда. Дзед кідаецца на лаўку і гаворыць:)

Дзед. Каб твае снапы так хутка падалі на ніве!

(Пасля баба пачынае з-пад абруса даставаць сянінкі і прыгаворваць):

Баба. Зараз я, мае вы даражэнькія, паваражу, ці будзе ў нас у гэтым годзе добры лён.

(Пачынае выцягваць з-пад абруса сянінкі).

Баба. Во, глядзіце, якая вялікая сянінка выцягваецца, будзе добры ў нас лён, вялікі.

Дзед. Дзякуй богу!

Унучка. Бабулька, я зараз прынясу куццю, паглядзіце, ці будзе добры ўраджай ячменю. (Усе глядзяць куццю.)

Дзед. О, дзякуй богу! Будзе добры ячмень, во якая густая ды надсохлая!

Усе разам: ды мусіць і смачная!

Баба. Паглядзі ўнучка ў акно, ці ёсць на небе зоркі, ці многа іх?

Унучка. (глядзіць у акно). Ой, бабулька і дзядулька, неба ўсё ўсыпана зоркамі.

Дзед. От добра, гэта азначае, што летам будзе вельмі многа грыбоў.

Баба. А вось, калі з поўдня пасыплецца град, то будзе ўмалотны гарох.

Дзед. А калі будзе ісці густы снег — дык будуць раіцца пчолы, а ёсць пчолы — дык будзе многа мёду.

(Усе садзяцца вячэраць).

Дзед. Ты ж баба, сёння не мый лыжак, а звяжы іх суконнай ніткай і пакінь на стале, каб авечкі не адбіваліся ад дому.

Баба. Ты ж дзед, занясі ў хлеў сена, што ляжыць на куце, на якім стаяў чыгун з куццёю, і дай карове і авечкам, ды не забудзь сыпнуць снегу ў вочы свінням, каб не лазілі ў шкоду. (Дзед бярэ сена і выходзіць.)

( За сцэнай чуваць жарты, песні.)

Бабка. Вай, чуеце, што на вуліцы музыка грае, напэўна казу вядуць.

(Унучка з дзедам бягуць да акна, углядаюцца.)

Унучка. Бабка так, «казу» водзяць вунь і да нас заварочваюць у двор.

Бабка. Вай, вай, да нас ідуць.

(У хату стукаюцца).

Дзед. Заходзьце, калі ласка.

Павадыр. Каляды, калядачкі, бліны ды аладачкі.

Ой, люлі, люлі, бліны ды аладачкі.

Пытаў дзедка ў бабкі:

«Ці скора, бабка, калядкі?»

Бабка.Ты калядак не пытайся, ты к калядкам сабірайся.

А калядкі ў бярэзнічку, а каўбаскі ў жалезнічку.

Павадыр. Сёння каляды, усе людзі рады.

Япручка смаляць і бога хваляць.

Радуйся зямля, бо жыта родзіць.

Прыехала калядка, прыехала лябедка

На сівым казлятку.

Дзед. Адкуль вы?

Павадыр. Мы людзі не простыя, з далекага краю,

Хлопцы ўсе сталыя з-пад самага раю.

Баба. Адкуль ідзеце?

Павадыр. Ідзем кругам, светам аж, ад пана лета.

Мы к лету ідзем, казу вядзем і радасць нясем.

Дзед, баба, унучка. Дык просім у хату!

(Заходзіць другі павадыр, вядучы за сабой казу, пасля заходзіць цыган, маладзіца, музыка, механоша і ўся світа. Каза становіцца пасярод хаты, за ей павадыр і цыган. За маладзіцай астатнія стаяць у парозе.)

Павадыр.        Ну, ну-ну, казёл,

Ну, ну-ну, нябожа,

Не адбрыквайся,

Паварачвайся

То на сей бачок,

То на той бачок,

Ды расхадзіся, развесяліся.

(Каза танцуе)

Па ўсяму дому,

Па гаспадарскаму.

Дзе каза ходзіць,

Там жыта родзіць,

Дзе не бывае, там вылягае…

(Каза танцуе, кідаецца, прыкідваецца мёртвай, потым падымаецца і кланяецца гаспадарам).

Механоша.      Уставай, каза,

Жылы надзімай,

Гаспадар ідзе,

Каляду нясе:

Рэшата аўса,

Наверх каўбаса.

Павадыр. Ой мая каза зусім прытамілася, трэба ей крыху адпачыць.А вас павесяляць мае дружкі. (Выводзіць цыгана і маладзіцу ў цэнтр хаты. (Музыка іграе, цыган і маладзіца танцуюць.)

Цыган: Калядзін, калядзін,

Я ў бацькі адзін,

Кароценькі кажушок.

Дайце мне піражок.

А наверх каўбасу,

А то хату разнясу.

Маладзіца: Шчадрую, шчадрую,

Каўбасу чую.

Дайце каўбасу,

Дамоў панясу.

Дайце другую,

Толькі даўгую.

Дайце трэцюю-

Хоць авечую.

Павадыр. (Пакідаючы хату.)

Будзь здароў, як рыжы бароў,

Май торбу грошаў, жыві ў раскошы.

Майце ўсяго даволі, а бяды ніколі.

Стары год канчаем, а новы зачынаем.

З ранняю вясною, з буйнаю травою,

З збожжам каласістым, з зернем ядраністым.

Ды спрытным летам, і з громам пры гэтым.

І з восенню яснай, і з долечкай шчаснай.

Дзед. Дзе вы гэту казу дасталі?

Павадыр. На кірмашы ў старога купіў семсот грошаў заплаціў.

Баба. Дзе сам вывучыўся?

Павадыр. Па ўсім свеце ходзячы, торбу хлеба носячы,

Між людзей бываючы, дзівы дзіўныя відаючы,

Розныя кнігі чытаючы, уверх нагамі трымаючы.

А вы здаровы бывайце, за год нас чакайце.

(Гаспадары надзяляюць усіх падарункамі, даюць хлеб, сала, каўбасы і г.д.)

Іграе музыка, цыган, маладзіца, з імі «каза» танцуюцць, спяваюць, выходзяць з хаты.

  1. V.Заключнае слова настаўніка

Настаўнік: На гэтым мы заканчваем наша мерапрыемства. Спадзяюся, вам яно спадабалася і вы з карысцю правялі час. Зрэж дрэва – і лісточкі скурчацца, пачарнеюць, ссохнуць. Сарві кветку – яна завяне і страціць сваю прыгажосць. Так і чалавек: забудзе сваіх продкаў, не будзе памятаць пра традыцыі, культуру – асуджаны на духоўную беднасць, шэрасць і аднастайнасць. Будзьце ж заўсёды памятлівымі, цікаўнымі, жывымі, удзячнымі сваім продкам.

  1. VI.Дамашняе заданне

Творчае заданне па жаданні вучняў: скласці верш пра тое свята з народнага календара селяніна, якое найбольш запомнілася і спадабалася.