• пн-пт 8:00–20:00
  • сб 8:00–19:00

Наша творчасць

Дата публикации: 12 августа 2017

 Мацюліна Анастасія, вучаніца 8 “А” класа

“Беларусь – мая краіна”

Беларусь – мая краіна

Рознакаляровая.

Які прыгожы гэты кут –

Мая старонка родная.

А якія тут палі!

Кругом — адзін прастор!

І зялёныя лугі

Кружацца вакол!

Рэкі ўсе, азёры ўсе

Мае блакітнавокія.

Амываюць берагі

І плывуць аблокамі.

Беларусь – мая краіна

Рознакаляровая.

Які цудоўны гэты кут –

Мая старонка родная!


Зотаў Максім, вучань 7 “Д” класа

Настаўніку

Я табе, мой настаўнік, пасланне сваё прысвячаю!

Расказаць я хачу ў ім пра тое, што маю ў душы:

Ты прывіў мне любоў і пашану да роднага краю,

І за гэта радкамі аддзячыць табе я рашыў.

Першы школьны ўрок – у маёй памяці ён назаўсёды…

Ты, настаўнік,  у клас адчыніў дзверы нам.

Засталіся за вокнамі шумныя гукі прыроды,

Час навукі настаў, і вось ужо вучань я сам.

Я на кожны ўрок твой заўсёды прыходзіў з чаканнем:

Што ж цікавага, новага скажаш у гэты нам раз?

І ў працы тваёй я высокае бачыў прызванне

Быць сапраўдным настаўнікам, веды даносіць да нас!

Усю сваю цеплыню, усю пяшчоту, любоў і ўвагу

Аддаваў без астатку, ніколі ты злосным не быў.

І за гэта ў дзіцячых вачах бачыў толькі павагу

І любоў, і прызнанне, якія навек заслужыў.

Ты вучыў на ўроках сваіх нас жыцця не баяцца,

Шпарка крочыць наперад і сэрцам Радзіму любіць!

А калі напаткае бяда – перад ёй не скарацца,

І за праўду і веру змагацца, і мужнымі быць!

Ты вучыў шанаваць нас заўсёды радзімае слова –

Мову маці маёй, што ад продкаў дасталася нам.

Гэты твой запавет для мяне ў жыцці стаў асновай,

Той асновай, якую павінен данесці сынам.

Я ўдзячны табе і кажу табе шчырае “дзякуй”

За пачуцці, што ты ў хлапечае сэрца ўсяліў!

Ты – настаўнік, прызнанне табе і сыноўняя наша падзяка

Ад усіх тваіх вучняў, каторым душу ты адкрыў.

 


Садоўская Маргарыта, вучаніца 7 “В” класа

Казка  “Як коска дапамагла Бусліку

Вестка аб тым, што ў лесе пачала працаваць сапраўдная лясная школа для ўсіх жадаючых, хутка абляцела ўсё наваколле. Маленькі Буслік таксама запісаўся ў школу. Ён быў вельмі старанны вучань, бо падабалася яму вучыцца. Асабліва любіў ён матэматыку і геаграфію, падабаліся Бусліку і ўрокі літаратуры – вельмі захаплялі яго розныя прыгодніцкія кнігі. Вось толькі з урокамі мовы ніяк не сябраваў Буслік.

– Ну навошта мне тыя коскі і кропкі? Што з імі рабіць? Чытаць я і без іх

умею! – бубнеў ён, калі настаўнік зноў пакідаў яго пасля ўрокаў перапісваць дыктоўку.

– А як жа без косак, Буслік? – дапытвалася яго лепшая сяброўка Вавёрачка.

– Вельмі яны патрэбныя!

– Каму  яны патрэбны? Хіба толькі табе ды настаўніку! – не здавалася ўпартае птушаня. – Вось матэматыка – дык гэта навука! Або геаграфія. Без іх і ў цёплыя краіны не зможаш ляцець. Не буду больш вашы коскі вывучаць, а палячу лепш куды-небудзь у новыя краіны ды даведаюся пра што-небудзь новае.

Сказаў так Буслік і паляцеў куды вочы глядзяць.

Доўга ляцеў ён. Нарэшце стаміўся і зразумеў, што заблудзіўся, бо зусім незнаёмай была яму гэта мясцовасць. Нічога не чытаў ён пра яе ў падручніку па геаграфіі. Вырашыў адпачыць крыху ды даведацца, куды ён прыляцеў. А прыляцеў ён у нейкі незнаёмы горад. Прызямліўся Буслік каля гарадскіх варот. Насустрач яму выбеглі два дзівака. Адзін быў доўгі, нібы слуп, а другі – сагнуты ў дугу.

– Ой! – сказаў першы. – Добры дзянёк!

– Ты хто такі? – запытаў другі.

– Я – Буслік, птушка. Я прыляцеў з Беларусі. А Вы хто? І дзе я?

– Я – Клічнік! А ён – Пытальнік! – узрадаваўся першы. – Ты прыляцеў у краіну Сінтаксіс!

– А чаму ты такі сумны? – запытаў Пытальнік.

– Я пасварыўся з сяброўкай і настаўнікам, паляцеў ад іх, бо думаў, што я ўжо вялікі вучоны і ўсё без іх ведаю. І вось атрымалася, што я заблудзіўся. Можа вы ведаеце, як мне вярнуцца дадому? – горка заплакаў Буслік.

– Чаму мы павінны ведаць? Ён заблудзіўся, а мы яму дапамагай? – буркатаў Пытальнік.

– Ой! – усклікнуў Клічнік. – А давайце спытаем у нашай каралевы Пунктуацыі! Яна ўсё ведае!

І яны адвялі Бусліка да каралевы Пунктуацыі.

Каралева ўважліва выслухала яго і сказала:

– Я дам табе адно заданне. Калі выканаеш правільна, адразу апынешся дома. А калі не выканаеш, то застанешся назаўсёды ў маёй краіне.

Перад Буслікам з’явілася дошка, на якой было напісана:

Дамой нельга застацца

– Падумай добра, што трэба зрабіць! – сказала каралева і знікла.

– А што я павінен рабіць? – запытаўся Буслік.

Але побач нікога не было. Нават і тыя дзівакі, Клічнік і Пытальнік, кудысьці прапалі.

Буслік узяў крэйду і задумаўся на хвіліну. А потым хутка паставіў знакі прыпынку:

Дамой, нельга застацца!

Не паспеў ён гэта зрабіць, як адразу апынуўся ў родным лесе, у роднай Беларусі. З таго часу Буслік пасябраваў і з коскамі, і з усімі астатнімі знакамі прыпынку.

Казка  “Апостраф і Мяккі Знак”

Ёсць на свеце шмат розных краін. І ўсе іх можна знайсці на глобусе. Але ёсць і такія краіны, якія не адшукаеш ні на адной карце свету. Адна з такіх краін – Фанетыка. Трапіць у яе можна, калі адкрыеш падручнік Мовы. Жывуць у гэтай краіне Гукі і Літары. Жывуць яны ў ладзе ды ў згодзе паміж сабой.

Але аднойчы здарылася так, што Гукі і Літары ўсё ж заспрачаліся, пасварыліся паміж сабой. Галосныя закрычалі, што толькі яны сапраўдныя і самыя галоўныя. Зычныя трымаліся сваёй думкі. Мяккія Зычныя маўчалі. У іх не было сталага меркавання. Звонкія звінелі, што было моцы, што яны найгалоўнейшыя сярод усіх. А Глухія… Тыя нікога не хацелі слухаць. Хадзілі ды толькі бубнелі нешта сабе пад нос. На Мяккі Знак і Апостраф увогуле ніхто не звяртаў увагі.

– Ці ёсць вы, ці няма вас – аніякай розніцы. Вы ўсё роўна нічога не значыце, –казалі з дакорам ім Літары і Гукі.

Пакрыўдзіліся Мяккі Знак і Апостраф і пайшлі куды вочы глядзяць. Дайшлі да мяжы Фанетыкі і спыніліся. На другім баку мяжы ўбачылі шыльду з надпісам “Лексіка”.

– Што будзем рабіць? – пытаецца Мяккі Знак.

– А пойдзем у краіну Лексіку, можа, там мы спатрэбімся каму-небудзь! – адказаў Апостраф.

А ў Лексіцы жылі Словы. Жылі яны вялікай дружнай сям’ёй. Перайшлі мяжу сябры. І адразу адчулі, што і ў Лексіцы няма спакою.

– Што ж гэта атрымліваецца, мяне закінулі ў печ? – крычаў пакрыўджаны Вугал. – Што будзе далей? Як без мяне будуць будаваць дамы, ды і шмат каму я парэбен.

– А на мяне падвесілі люстру! – закрычаў Стол. – Што ж  цяпер будзе? А дзеці дамашнія заданні пад сталом выконваць будуць?

– Жылі мы ўсе дружна, а цяпер атрымліваецца, што няма ў нас адной вялікай Сям’і! – загаласілі Словы.

Зразумелі тады Апостраф і Мяккі Знак, што трэба ім вяртацца дадому, што ўсе літары патрэбны, каб у печ кідалі вугаль, а люстру падвешвалі на столь, і ўсе Літары і Словы жылі ў вялікай дружнай Сям’і.

Апавяданне  “Мой дзед”

У мяне ёсць дзядуля. Па праўдзе сказаць, ён мой прадзядуля. Але гэта вельмі доўга – прадзядуля, і  я заву яго або проста дзеда, або дзядуля. Ён яшчэ не зусім стары, па маіх меркаваннях, яму толькі восемдзесят тры гады, і выглядае ён вельмі жвава. Мой дзеда вельмі добры і жыццярадасны, шмат чаго ведае.

– Дзеда, адкуль ты ўсё ведаеш, ты ж гаворыш, што грамаце амаль не вучыўся? – запыталася я аднойчы ў дзеда.

– А калі было той грамаце вучыцца? Гэта вам зараз усе ўмовы стварылі, а вы яшчэ і лянуецеся, вучыцца не хочаце. А маё дзяцінства прайшло ў вайну ды цяжкія пасляваенныя гады, калі трэба было маці дапамагаць гаспадарку паднімаць. Бацька мой загінуў на фронце ў сорак пятым, амаль напрыканцы вайны, а нас у мамкі засталося трое, і я – самы старэйшы. Так што, унучачка, шмат чаго пабачыў і пазнаў я на сваім вяку.

– Дзеда, а расскажы пра вайну. Ці было табе страшна? – папрасіла я дзеда.

– Пра вайну, кажаш? Ды пра яе так проста і не раскажаш. Гэта ўсё трэба было перажыць, каб пазнаць, што такое вайна. І страшна было, ды яшчэ як страшна было, унучачка, і голадна, і холадна. Мне ж, калі вайна пачалася, восем гадкоў было. Немцы, як прыйшлі ў нашу вёску, пачалі рабаваць і руйнаваць. Знайшліся і такія, хто пайшоў у паліцаі, стаў прыслужнікам фашыстаў.

Немцы нас з мамкай выгналі ў хлеў, а самі занялі нашу хату. Былі яны жорсткія, злыя. Матулю маю прымушалі есці ім гатаваць ды ў хаце прыбіраць, адзенне іх мыць. Амаль усіх курэй і парсюка нашага з’елі і не падавіліся гады. Толькі адзін маладзенькі афіцэрык дужа добры быў, употайкі даваў нам цукар, кашу выносіў у місцы, а аднойчы даў мне кавалачак шакаладу. Дык я нават і не паспрабаваў той шакалад, усё сястрычкам малым занёс, сам толькі пальцы аблізнуў.

Стаў паліцаем і наш сусед – дзядзька Рыгор. Ніхто з вяскоўцаў не чакаў ад яго такой здрады. Гэта ўжо пасля ўсе даведаліся, што не быў ён здраднікам, а па загаду партызанаў пайшоў у паліцаі. А тады з нянавісцю ўсе да яго пачалі адносіцца, і я ў тым ліку.

Вось аднойчы забег я нечакана ў хлеў і бачу, што гэты самы паліцай Рыгор маёй маці нейкі скрутак перадае, а я на яму і кажа:

– Не хвалюйся, усё добра будзе, зараз жа пашлю Міхаську, каб занёс…

Тут маці заўважыла мяне і змоўкла.

Дзядзька Рыгор толькі ўсміхнуўся, калі ўбачыў з якой нянавісцю я на яго гляджу, і моўчкі пайшоў. А маці дастала кошык і кажа мне:

– Міхаська, сынок, схадзі ў лес, грыбоў набяры, ды ціхенька пакладзі гэты скрутак у дупло, што ў дубе на той палянцы, дзе вы з хлопцамі ў хованкі гуляеце. Ды глядзі, нікому пра гэта не расказвай. Ты ж дарослы ў мяне ўжо, усё разумець павінен.

Я з недаверам глядзеў на маці: няўжо яна таксама немцам прадалася? А тая быццам мае думкі прачытала і кажа шэптам:

– Бацьку свайму дапаможаш гэтым з фашыстамі змагацца.

Бацька мой, як і іншыя мужыкі з наваколля, быў у лесе ў партызанскім атрадзе. І ў вёсцы пагаворвалі, што хутка партызаны немцаў пагоняць адсюль. Схапіў я адразу кошык, схаваў за пазуху скрутак і праз агароды кінуўся ў лес, каб нікога не сустрэць па дарозе. Дабег да дуба, азірнуўся, пахадзіў крыху па палянцы, робячы выгляд, што грыбы шукаю. А калі ўпэўніўся, што нікога няма, хутка ўскарабкаўся па галінах на дуб, асцярожна паклаў скрутак у дупло і саскочыў на зямлю. І пачаў зноў грыбы шукаць. А самому вельмі цікава было, калі ж хто прыйдзе за скруткам? Можа і мяне забяруць з сабой у партызаны? Потым я схаваўся ў кустах і пачаў чакаць. Доўга праляжаў я і неўзабаве заснуў. Чую скрозь сон нехта аклікае мяне шэптам і ціхенька за плячо штурхае. Расплюшчваю вочы і бачу бацьку побач. Абняў ён мяне, прытуліў да сябе.

– Як там мамка наша, дзяўчынкі ці здаровыя? – пытаецца вельмі ціха ён у мяне.

– Усё добра ў нас, усе жывыя-здаровыя,  – кажу я яму шэптам. – Можа ,забярэш мяне ў партызаны, каб ваяваць з фашыстамі?

А бацька мне адказвае:

– Ты нам зараз патрэбен у вёсцы, будзеш нам перадачы ад дзядзькі Рыгора насіць, вельмі яны нам дапамагаюць змагацца з немцамі. Ды і на каго ты мамку з сястрычкамі пакінеш? Пакуль што ты старэйшы мужчына ў хаце. А зараз хуценька бяжы дахаты, маці, напэўна, вельмі хвалюецца. Ды глядзі, маўчы, калі што, зразумеў?

– Што я табе маленькі які, ці што? – адказаў я бацьку і пабег дадому.

Пасля гэтага маці яшчэ некалькі разоў пасылала мяне ў лес у грыбы.

А аднойчы толькі саскочыў я ўніз, з-за дрэва бацька выйшаў. Узрадаваўся я сустрэчы. Бацька абняў мяне і кажа:

– Перадай Рыгору, каб усім перадаў, што ўсё будзе заўтра, як развіднее. Маці і сястрычак завядзі ў лес, як немцы заснуць, ды абдымі іх за мяне. Асабліва малых, напэўна, забыліся ўжо татку свайго. А зараз бяжы хуценька.

Я не задаваў бацьку ніякіх пытанняў, бо ўсё адразу зразумеў. А назаўтра партызаны выгналі фашыстаў з нашай вёскі і яшчэ шмат вёсак вызвалілі. З таго дня, здаецца мне, пагнала Чырвоная Армія фашысцкіх акупантаў назад у іхнюю Германію. На фронт мяне не ўзялі, бо малы быў яшчэ, ды і бацьку свайму слова даў, што маці і сястрычак не пакіну.

Я слухала дзеда, затаіўшы дыханне. Нават калі ён скончыў свой аповед, маўчала некалькі хвілін, а потым абняла дзеда і сказала:

– Які ты смелы, дзядуля.

– Гэта не я смелы, унучачка. Гэта час такі быў тады, ён усіх рабіў смелымі. Гэтая смеласць дапамагла нам ворага перамагчы.

 


Раманькова Анастасія, вучаніца 11 “А” класа

Шчасце жыць у мірнай краіне

Там у светлых барах
Некранутай ад веку раскошы —
На прасторы зямной,
Для мяне не іначай як рай,
Ёсць куточак малы,
Месцаў іншых не лепшы, не горшы,
Але сэрцам сваім адчуваю —

радзімы мой край.

Іна Фралова

Радзіма… Беларусь… Бацькаўшчына… Айчына… Прыгожая і шчодрая зямля. Спакойны і мірны край. Край, пад чыстым небам якога жывуць і працуюць мірныя людзі. Але мір тут быў не заўсёды…

…Ужо тры гады няма на гэтым свеце майго блізкага і дарагога чалавека – любімай прабабулі. Але ў маёй памяці яна застанецца на ўсё жыццё. Бо калі б яе расстралялі ў чэрвені 1943 года немцы, то не было б і маёй бабулі, і маёй маці, не было б і мяне на гэтым свеце. У час Вялікай Айчыннай вайны яна была дзіцём. Ёй было ўсяго сем гадоў. Але пра вайну яна добра памятала…

Чэрвень 1943 года. Вёска Дзіўнава Магілёўскай вобласці Шклоўскага раёна. Жыхары вёскі яшчэ спалі. Пяць гадзін раніцы. Немцы акружылі вёску. Усіх жыхароў сагналі за вёску. “Толькі тады мы зразумелі, – успамінала прабабуля, – што  нас збіраюцца расстраляць. Дзеці плакалі. Жанчыны крычалі, прасілі літасці. Але немцы нікога не слухалі. На нас быў настаўлены кулямёт, за якім сядзеў немец. Праз некаторы час нямецкі афіцэр пачаў чытаць загад: “За сувязь і дапамогу партызанам – расстраляць усіх жыхароў…” Жах ахапіў жанчын, якія хацелі толькі аднаго: выратаваць сваіх дзяцей. Пачалася страшэнная паніка. Многія кінуліся ўцякаць, але пачалі ўзрывацца міны. Пазней мы зразумелі, што ўцячы было нельга. Адыход да лесу быў замініраваны. На вачах гінулі людзі. Але немец, які сядзеў за кулямётам, так і не змог адкрыць па нас агонь, бо з боку лесу пачулася страляніна. Гэта былі партызаны. Завязаўся моцны бой. Я чула толькі, як усё навокал грымела, мы прыціснуліся да зямлі і так праляжалі практычна дзве гадзіны. Бой скончыўся. Мы засталіся жыць. Але якой цаной…”

Шчасце жыць  у тыя жудасныя дні панавання фашызму было дадзена, на жаль, не ўсім… Маёй прабабулі пашчасціла.

Зусім нядаўна прачытала паэму П.Броўкі “Голас сэрца”. Што я перажыла, калі чытала гэты твор! Мне захацелася больш даведацца пра маці Петруся Броўкі, якая таксама загінула ў час Вялікай Айчыннай вайны. Я даведалася, што маці пісьменніка, шасцідзесяцітрохгадовая Алена Сцяпанаўна, была сувязной. У час блакады летам 1943 года была схоплена фашыстамі і адпраўлена ў лагер смерці Асвенцым. Пра яе пакуты, пра пакуты мільёнаў людзей, пра жахі фашызму расказаў у сваёй паэме “Голас сэрца” Пятрусь Броўка.

Маці! Я з болем глядзеў на палетак,

Колькі вас, колькі загубленых кветак,

Колькі дзе згінула вас, невядома,

Колькі дагэтуль чакаюць вас дома.

Адчуваеце? Колькі на свеце дзяцей аплакваюць сваіх маці! А колькі маці не дачакаліся з вайны сыноў!

Усе тыя жудасныя здзекі, страшныя сваёй вытанчанасцю і разлічанасцю, пра якія пісаў Пятрусь Броўка, можна ўбачыць і на карцінах Міхаіла Савіцкага “Лічбы на сэрцы”. Міхаіл Савіцкі – былы вязень Бухенвальда. Цяжкія выпрабаванні не зламалі волю гэтага мужнага чалавека, не пазбавілі яго чалавечай годнасці.  “Я веру ў перамогу добрага пачатку на нашай планеце, – пісаў мастак. – Веру, таму што крайнія, абсалютныя па трагізму і жорсткасці калізіі пераканалі мяне ў каштоўнасці чалавека, у высакароднасці яго душы і розуму.” Яго палотны выкрываюць фашызм  і ўражваюць сваёй жахлівай праўдзівасцю, адлюстроўваючы самыя страшныя сцэны маральнага і фізічнага знішчэння людзей, якія давялося ўбачыць і перажыць самому мастаку у час знаходжання ў канцэнтрацыйным лагеры…

Як цудоўна жыць у мірнай краіне! Якія цудоўныя, шматколерныя і вясёлкавыя захады на нашай Беларусі! Якое блакітнае мірнае неба над яго жыхарамі! Які цёплы і пяшчотны вясновы ветрык! Якія ласкавыя і звонкія пералівы птушак у летнім паднябессі! Я люблю свой край. Кожны дзень адкрываю для сябе няўлоўную прыгажосць роднага куточка. Прыслухоўваюся да нашай пявучай мовы. Заўважаю дабрыню, адкрытасць, таленавітасць нашага народа. І адчуваю ў душы вялікі гонар за сваю Радзіму. Мая родная Беларусь, сапраўды, чароўная і прыгожая краіна.

У сваёй краіне мы, моладзь, адчуваем клопат аб нас, аб нашым будучым. Прэзідэнцкія праграмы і загады сведчаць пра тое, што мы знаходзімся пад аховай дзяржавы. Узнагароды, стыпендыі, дыпломы, гранты – паказчык таго, што наша краіна клапоціцца пра дзяцей і моладзь. Таму мы прыкладзём усе намаганні, каб стаць дастойнымі грамадзянамі сваёй краіны, каб захаваць мірнае жыццё ў ёй.

А яшчэ наша краіна вельмі гасцінная. Гасцей мы сустракалі і працягваем сустракаць у дваццаць першым стагоддзі хлебам-соллю. Таму што  беларуская гасціннасць – адна з лепшых традыцый нашай краіны. Пра гасціннасць нашых людзей часта гавораць  і інастранцы, якія прыязджаюць да нас.

Многія турысты едуць сюды, каб адпачыць на ўлонні нашай цудоўнай прыроды. Белавежская і Налібоцкая пушчы, Бярэзінскі і Прыпяцкі запаведнікі, Браслаўскія азёры нікога не пакінуць абыякавымі. А самае вялікае возера Нарач – рай на зямлі для рамантыкаў і шукальнікаў прыгод. А як прыемна адпачыць ад гарадской мітусні і сустрэць усходы і захады сонца, накіраваўшыся ў адну з сельскіх сядзіб Беларусі!

Я ўпэўнена, што нікога не пакінуць абыякавымі і беларускія помнікі гісторыі і культуры. Мемарыяльныя комплексы “Хатынь”,  “Брэсцкая крэпасць”, Сафійскі сабор у Полацку, Мірскі замак, Нясвіж і Навагрудак , Белая вежа… Яшчэ доўга можна пералічваць тыя помнікі, якімі па праву ганарыцца наша краіна.

Беларусы робяць усё, каб гасцям было добра адпачываць тут. Той, хто наведае Беларусь, атрымае шмат уражанняў, даведаецца шмат цікавага і абавязкова захоча вярнуцца сюды, таму што тут спакойна і ціха. А хіба можа такая гасцінная краіна жадаць вайны? Безумоўна, не. Яе людзі жадаюць толькі міру і далейшага росквіту сваёй Бацькаўшчыны…

Мы жывём у мірнай, прыгожай і гасціннай краіне, у якой камфортна адчуваюць сябе і карэнныя жыхары, і госці. Наш народ ніколі не быў заваёўнікам. Мы ганарымся сваімі братэрскімі сувязямі. Мы цярплівыя да людзей розных  нацыянальнасцей і канфесій. Мы талерантныя і ўраўнаважаныя. Мы – шчаслівае пакаленне, таму што мы не ведаем вайны. Вялікі дзякуй за гэта нашым прадзедам і дзедам, якія захавалі для нас мірнае неба над галавой. І цяпер наша галоўная задача – захаваць мір  у “краіне блакітных рэк і азёраў” і  не дапусціць новай вайны на “зямлі пад белымі крыламі”, таму што гэта вялікае шчасце і раскоша – жыць сёння ў мірнай краіне…


     Сцельмах М.У. , настаўнік беларускай мовы і літаратуры

 

  •  Верш «У памяць Багдановічу»
  •  Сачыненне «Мой горад»
  •  Сачыненне «Максім Багдановіч»

У памяць Багдановічу

Ён стаў вялікай зоркаю для нас,

Хоць на зямлі пражыў зусім нямнога.

Раней, чым трэба, адышла ў нябыт дарога,

Але агонь, што запаліў паэт, не згас.

І варта толькі прачытаць яго хоць раз,

Ты для сябе адкрыеш вельмі многа.

Пачуцці скалыхнуцца, як прад Богам,

Калі пачуеш вечны той “Раманс”.

І кожны раз, калі Венера ўзыходзіць,

Яна нам згадкі светлыя прыводзіць.

І Багдановічаў радок жыве ў вяках.

У памяць аб сабе адзіны зборнік ён пакінуў,

Каб тыя, будзе хто трымаць яго ў руках,

Заўсёды адчувалі, што паэт народны не загінуў.

Мой горад

Па берагах рэк і азёраў, паміж прасторамі палёў і стужкамі дарог, сярод велічных бароў і пушчаў раскінулася беларуская зямля. Зямля са своеасаблівым каларытам, зямля, якая славіцца сваёй гісторыяй, сваёй спадчынай, сваімі жыхарамі і сваімі населенымі пунктамі. І менавіта на гэтай зямлі велічна ўзвышаецца горад, які для мяне з’яўляецца самым любімым куточкам нашай цудоўнай Беларусі.

Магілёў… Горад майго дзяцінства… Здаецца, мне знаёмая тут кожная вуліца, вулачка, завулак. Дзе б я ні была, якая б адлегласць ні раздзяляла мяне з ім, я заўсёды з замілаваннем і шчырай любоўю ўспамінаю яго –  невялікую кропачку на карце нашай краіны. Сэрца заўсёды там, яно быццам і не пакідае межы роднага горада. Заплюшчваю вочы – і зноў прагульваюся па знаёмых вуліцах, праходжу міма вядомых будынкаў, наведваю любімыя мною і памятныя мне мясціны.

Хоць Магілёў і з’яўляецца абласным цэнтрам Беларусі, здаецца ён невялікім і вельмі ўтульным горадам. Магілёў прываблівае вока сваёй чысцінёй і зелянінай.

Горад прыгожы ў любы час: ноччу і днём, у час заходу сонца, і калі першыя яго промні толькі пачынаюць прабівацца скрозь ранішні туман. Мне асабліва падабаецца горад увечары, калі садзіцца сонца і зямлю ахутвае змрок. На вуліцах запальваюцца ліхтары, вокны дамоў пачынаюць свяціцца маленькімі зіхатлівымі агеньчыкамі. Вуліцы, такія шумныя і гаманкія ўдзень, значна цішэюць, вялізны паток машын і людзей паступова змяншаецца. Горад сцішваецца і рыхтуецца да ночы, да сну, каб раніцай зноў прачнуцца свежым і радасным і са шчырай бацькоўскай усмешкай зноў пазіраць на сваіх жыхароў.

Кожная пара года таксама па-свойму ўпрыгожвае мой любімы горад.

Вясною ён ажывае пасля зімовага сну, радуецца чыстаму блакітнаму небу і яснаму сонейку. Вуліцы, яшчэ мокрыя пасля першага вясновага дажджу, чакаюць прахожых. Кожная лужынка, быццам маленькае сонейка, свеціцца пад яркімі промнямі. Вокны дамоў, вымытыя да бляску руплівымі гаспадынямі, пазіраюць ветліва і шчыра і нібы запрашаюць зазірнуць у іх.

Летам горад ахутаны воблакам зеляніны, таму ў спякотныя дні няма адчування нагрувашчвання каменю, цэглы і бетону, як гэта звычайна бывае ў гарадах. Зялёныя насаджэнні, разнастайныя рознакаляровыя кветнікі надаюць гораду не толькі прыгожы, але і заўсёды свежы від.

Скверы і паркі, сады і алеі – усё гэта вабіць да сябе ў спякотны летні дзень. Жыхары з радасцю бавяць вольны час пад зялёнымі шатамі дрэў, прагульваюцца па сцяжынках паркаў, катаюцца на лодках па празрыстай гладзі гарадскіх вадаёмаў. Таксама прыемна пасядзець і памарыць пад гоман гарадскіх фантанаў. Горад жыве, радуецца летняму сонейку і добраму надвор’ю.

Восень прыносіць свае змены. У прыродзе наступае перыяд зацішша, яна замірае ў чаканні зімы. Горад прымае гэтыя змены. Шэрасць вуліц расквечваюць плямы рознакаляровых парасонаў… Але рух жыцця не спыняецца ні на хвіліну. Людзі, як і раней, спяшаюцца на працу, на вучобу, дадому. Асабліва дадому, каб схавацца ад сырога пахмурнага надвор’я ў сваім утульным пакоі, каб, узяўшы ў рукі кубачак гарачай гарбаты і абгарнуўшыся цёплай коўдрай, назіраць праз аконнае шкло за выпадковымі прахожымі.

Зіма пакрывае горад суцэльным белым абрусам. Снег паўсюль: на дахах дамоў і будынкаў, на галінах дрэў, на зямлі. Ён замятае ўсе дарогі. Але хутка з’явяцца  пратаптаныя сцежкі-дарожкі. На вуліцу высыпаюць дзеці, і такая радасць, такі гоман стаіць навокал. Я вельмі люблю прайсціся ясным марозным днём па вуліцах роднага горада. Здаецца, сам ён нагадвае нейкае чароўнае казачнае царства.

Магілёў – горад з цудоўнай архітэктурай.  На жаль, знішчальныя войны не захавалі ўсёй прыгажосці старадаўняга дойлідства, але і тое, што захавалася, дастойна ўпрыгожвае наш горад. Сабор Трох Святароў, Свята-Мікольскі манастыр, будынак драматычнага тэатра, палац Архіепіскапа… Гэты спіс можна працягваць. Магіляўчане любяць гуляць па вуліцах свайго горада, наведваць любімыя мясціны. Ёсць такія мясціны і ў мяне. Адным з такіх месцаў з’яўляецца плошча Славы, з якой адкрываецца цудоўны від на частку горада па той бок Дняпра. Таксама вельмі люблю часам прагуляцца па вуліцы Ленінскай, якая з’яўляецца пешаходнай.

А некалькі гадоў назад жыхарам Магілёва было прапанавана самім выбраць найбольш значныя, прыгожыя і вядомыя прыродныя мясціны нашага горада ў рамках праекта “7 цудаў прыроды Магілёва”. Такімі цудамі сталі Палыкавіцкая крыніца, Пячэрскі лесапарк, Падніколле, рака Дубравенка, рака Днепр, векавыя дубы на вуліцах Мянжынскага і Пляханава і Любужскі лесапарк.

З кожным годам мой горад усё больш і больш радуе вока сваёй чысцінёй і прыгажосцю. І хочацца верыць, што гэта толькі пачатак, што хутка аб ім загавораць далёка за межамі нашай краіны.

А мы, жыхары Магілёва, заўсёды будзем любіць яго. Любіць не за што-небудзь, не таму, што так трэба. Проста любіць… За тое, што ён ёсць… За тое, што мы яго часцінкі… За тое, што нам давялося нарадзіцца і жыць тут, у самым лепшым і самым любімым горадзе з мілай для кожнага сэрца назвай Магілёў.

  

 

Максім Багдановіч…

Сцюжны час, бязмежна-суровы.

Спіць народ, нібы зерне ў раллі.

Ты прыйшоў

І гарачым словам

Рунь узняў на роднай зямлі.

У. Караткевіч

Максім Багдановіч… Прамаўляеш гэтае імя—і адразу перад вачамі ўзнікаюць тыя шматлікія і такія разнастайныя вобразы, так удала і запамінальна створаныя паэтам.

Ты бачыш яшчэ зусім маладых дзяўчат, адарваных ад бацькоўскай хаціны і вымушаных, не звяртаючы ўвагі на навакольнае асяроддзе, працаваць днямі і начамі, каб выканаць панскі загад. Ты, безумоўна, разумееш іх і спачуваеш ім. Разумееш іх паднявольнае становішча і спачуваеш немагчымасці апынуцца па-за межамі панскага маёнтка. І тваё сэрца міжволі пачынае біцца ў грудзях, калі ўсё гэта знікае, адступае перад вобразам Радзімы— непрыкметным васільком, так глыбока запаўшым у душу народа.

Ты глядзіш у свет чыстай вясновай раніцай і сам нібы насычаешся гэтымі незабыўнымі пахамі, гукамі, колерамі. Твае пачуцці абвастраюцца, вуха ловіць кожны гук і табе хочацца, як і таму сінякрыламу матыльку, пырхаць  віцца наўкола, аглядаючы з вышыні прыгажосць зямлі, абуджанай ад зімовага сну, памаладзеўшай і такой блізкай і роднай.

Ты закрываеш вочы, прыслухоўваешся, і нібыта чуеш гучны цокат капытоў коней, бачыш бела-чырвона-белых вершнікаў, якія ляцяць табе насустрач, нясуцца з хуткасцю святла, не разбіраючы шляхоў, у бязмежную далеч на абарону сваёй любай старонкі.

А хто з нас на змярканні не ўглядаўся ў начное неба, шукаючы там сімвал вернасці і еднасці закаханых—знакамітую зорку Венеру—вобраз, з такой любоўю і такім замілаваннем створаны паэтам. А калі знаходзіш яе вачамі, твая душа рвецца ёй насустрач. Ты адчуваеш у сабе моц, новыя сілы і жаданне пераадолець усе перашкоды, прайсці праз любыя выпрабаванні ў імя кахання—чыстага, светлага, узаемнага і абавязкова шчаслівага.

І гэта толькі некалькі прыкладаў. Увесь жа свет паэзіі Максіма Багдановіча немагчыма ахапіць цалкам, немагчыма выказаць словамі ўсе тыя пачуцці, што напаўняюць душу і розум. Яны распускаюцца ўнутры цябе як маленькія кветачкі васількоў, якія дораць радасць, пачуццё гордасці за свой народ  уцэлым і за асобных яго прадстаўнікоў у прыватнасці, пачуццё ўдзячнасці за тое, што ўсё мінулае не адыдзе ў нябыт, а застанецца ў памяці нашчадкаў і паслядоўнікаў.

І ўсе гэтыя кветачкі зліваюцца, сплятаюцца ў адзіны вянок. Гэта вянок-помнік таму, хто паказаў нам усё гэтае хараство, адкрыў нам вочы на тое, чаго мы маглі б і не заўважыць, прайсці побач і не звярнуць увагі. Гэта помнік таму, хто насіў прыгожае і такое блізкае і роднае кожнаму беларусу імя—Максім Багдановіч.


Цімафеенка Наталля Дзмітрыеўна, настаўнік беларускай мовы і літаратуры

Па старонках “Сівой легенды” У. Караткевіча

Загорнута апошняя старонка

“Сівой легенды”… А думкі ўсё ляцяць

Туды, дзе мужны нобіль і халопка

Хацелі сваё шчасце атрымаць.

Іх нездарма жыцця рука звадзіла,

Яны да пары былі ( лёсу не падман ):

Танюсенькая, пекная, прыгожая Ірына

І моцны, мужны, жылісты Раман.

Але Кізгайла, разам з жонкай Любкай,

Дзяўчыне вольную не даў, не адпусціў.

Якуб паспрабаваў  каханым стаць заслонай,

Ды галаву сваю дарэмна ён злажыў.

Смерць брата ацвярэзіла Рамана:

На барацьбу ўзняў ён мужыкоў,

Бо вызвалення любая чакала,

Ды ў замку Аляхно яе ён не знайшоў…

Чакалі новыя шляхі-дарогі вояў,

Раман паўстанцаў вёў у бой.

Гарэлі замкі, падалі галовы…

Ды здаўся ў палон “бярвяны” вой…

Сябе самога даў ён за палонных,

Каб вызвалілі, далі ім жыццё.

Сябе не шкадаваў Раман ніколі,

Бо не для моцных гэта пачуццё.

Зняволены быў слаўны нобіль сілай,

Закуты ў кайданы, як звер лясны,

Ірыну ведзьмай прад народам абвясцілі

І кінулі ў халодны склеп пусты…

…На плошчу прывялі Рамана

І абвясцілі жорсткі той прысуд:

Маёмасці пазбавіць – гэта кара,

Шчыт зганьбаваць, пазбавіць моцных рук.

Ірыну, скутую, у сукенцы белай

Таксама кат чакаў, каб асляпіць.

Апошні раз на свет вочы глядзелі,

Уважліва, каб свет той не забыць.

Паехалі ў вазку, скалечаныя катам,

Яна – сляпая, ён – без абедзвюх рук…

Ды гэта не было ім лютай карай,

Бо разам былі зноў яны, удвух.

І пойдуць па жыцці, і панясуць каханне,

Якое, можа, і не стрэнеш ужо нідзе.

І дзве яе рукі яго стануць рукамі.

А ён ёй вочы шэрыя аддасць свае.

Гісторыя іх – нам усім навука:

Кахайце, людзі, шчыра, ад душы!

…Загорнута апошняя старонка

Таго кахання, што імкнецца праз вякі…

 


Дамарад Н.В., настаўнік інфарматыкі

Матуля

Мяне вельмі цікавіць пытанне -
Усплыло невядома адкуль -
Адчаго, калі цяжка нам ў выпрабаваннях,
Успамінаем мы раптам матуль?
 	              
Не тады, калі радасць душу расчуліць,
А як шчасце твой дом праміне,
Ды, як камень на сэрцы, гукнеш: "Матуля!"
І адчуеш цяпло яе...